ААН занепакоеная прапановай Турцыі забраць да сябе ўцекачоў з Еўрасаюза

ААН занепакоеная прапановай Турцыі забраць да сябе ўцекачоў з Еўрасаюза

ААН і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі выказалі занепакоенасць у сувязі з дамоўленасцямі паміж Еўрасаюзам і Турцыяй, паводле якіх Анкара гатовая забраць нелегальных мігрантаў да сябе. Euronews прыводзіць словы вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў Філіпа Грандзі:

“Я вельмі занепакоены любымі прапановамі, якія прадугледжваюць адпраўку любой асобы з адной краіны ў іншую без гарантыі абароны і захавання нормаў міжнароднага права. Той, хто просіць прытулку, можа быць вернуты ў трэцюю краіну толькі ў тым выпадку, калі трэцяя краіна бярэ на сябе адказнасць за разгляд гэтай просьбы”.

7 сакавіка на саміце ў Бруселі Турцыя прапанавала прыняць усіх нелегальных мігрантаў, якія прыязджаюць на грэчаскія астравы з Блізкага Усходу, а таксама забраць мігрантаў, якія ўжо трапілі ў Еўропу з яе тэрыторыі, але не атрымалі там прытулку. Наўзамен ЕС паскорыць вылучэнне Анкары дапамогі ў 3 мільярды еўра, а таксама дасць дадатковае фінансаванне. Акрамя гэтага за кожнага сірыйца, прынятага Турцыяй, ЕС будзе прымаць па адным сірыйцы з лагераў для бежанцаў у Турцыі, які мае патрэбу ў прытулку. Такая сістэма, як мяркуецца, пазбавіць уцекачоў жадання спрабаваць пракрасціся ў Еўропу нелегальна, з дапамогай кантрабандыстаў.

ААН занепакоеная прапановай Турцыі забраць да сябе ўцекачоў з Еўрасаюза
Лагер уцекачоў у Турцыі. Фота: AFP

Пасол Турцыі ў ЕС Селім Енэль мяркуе, што такая сістэма мусіць спрацаваць. Яго словы прыводзіць тэлеканал Euronews:

“Мы цяпер абмяркоўваем дэталі такога абмену разам з еўрапейскімі афіцыйнымі асобамі. Для гэтага ёсць і палітычныя, і юрыдычныя падставы, а ніякіх перашкодаў няма. Людзі, якія імкнуцца трапіць у Еўропу, зразумеюць, што няма сэнсу спрабаваць гэта рабіць небяспечным маршрутам і з дапамогай сумнеўных людзей. Затое будзе наладжаны нармальны легальны міграцыйны працэс”.

Калі прапанаваны Анкарой план будзе выкананы, Брусель абяцае адмяніць візавы рэжым для турэцкіх грамадзянаў. Але пра ўступленне Турцыі ў Еўрасаюз пакуль гаворкі не вядзецца. Канцлер Германіі Ангела Меркель на прэс-канферэнцыі з гэтай нагоды сказала журналістам, што такога пытання “на парадку дня не было”. А прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд заявіў, што працэс уступлення для Турцыі “яшчэ далёкі ад завяршэння”.

Чакаецца, што перамовы паміж Еўрасаюзам і Турцыяй па праблеме мігрантаў працягнуцца на наступным саміце 17 сакавіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі