ААН: Каб атрымаць статус уцекача, можна звярнуцца да любога міліцыянера

ААН: Каб атрымаць статус уцекача, можна звярнуцца да любога міліцыянера

“Так статус уцекача не атрымліваюць ― трэба ў адпаведную арганізацыю звяртацца”, ― адказвае начальнік Добрушкага РАУС Уладзіслаў Гасымаў на пытанне, чаму не прынялі заяву ад чачэнца Мурада Амрыева. А як? Па тлумачэнні звяртаемся ў беларускае Прадстаўніцтва Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў.

 

 

Які від абароны можа атрымаць у Беларусі замежнік?

 

У нашай краіне грамадзянін іншай дзяржавы можа прэтэндаваць альбо на атрыманне статуса ўцекача, альбо на такую форму абароны, як “дадатковая абарона”. Адной заявай чалавек адначасова падаецца на абодва статусы. Калі чалавеку не даюць статус уцекача, то разглядаецца магчымасць атрымання ім дадатковай абароны.

 

Дзе і як можна падаць заяву на гэтыя формы абароны?

 

Звяртацца са сваёй заявай можна ў тры структуры. Першае: прыйсці ў любое падраздзяленне Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС РБ. “Пры гэтым чалавек можа як легальна знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, так і нелегальна”, ― кажуць ва Прадстаўніцтве вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў.

Другі варыянт: звярнуцца да супрацоўніка Дзяржаўнага памежнага камітэта. Прасцей кажучы, да першага беларускага памежніка, якога ўбачыце. Паводле заканадаўства, памежнікі абавязаныя прымаць хадайніцтва аб прадастаўленні статуса ад замежнікаў, затрыманых за незаконнае перасячэнне мяжы альбо за незаконнае знаходжанне на тэрыторыі Беларусі. Нават у транзітнай зоне аэрапорта яны прымаюць такія заявы.

Трэці варыянт: звярнуцца ў любое РУУС. Падаеш хадайніцтва, і міліцыянеры абавязаныя паведаміць пра гэта ў бліжэйшы аддзел па грамадзянстве і міграцыі. “У тым выпадку, калі ў дачыненні да замежніка прынятае рашэнне аб дэпартацыі, то хадайніцтва прымаецца, выкананне дэпартацыі прыпыняецца на тэрмін разгляду хадайніцтва. Калі адказ адмоўны ― дэпартацыя аднаўляецца. Калі ён атрымлівае статус уцекача, то ніхто гэтую дэпартацыю выконваць не будзе”, ― кажуць ва Прадстаўніцтве Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў.

 

Ці можа лічыцца хадайніцтвам відэазварот?

 

У законе форма хадайніцтва аб прадстаўленни статуса ўцекача не прапісаная. Безумоўна, спачатку вы проста агучваеце сваё жаданне памежніку ці супрацоўніку МУС, а потым гэта ўсё афармляецца на паперы. “Я б палічыў і агучаны ды запісаны на відэа зварот дастатковай падставай для пачатку працэдуры”, ― кажуць у Прадстаўніцтве Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў.

 

Як у Прадстаўніцтве Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў адрэагавалі на сітуацыю з Мурадам Амрыевым?

 

“8 чэрвеня мы звярнуліся ў МУС Беларусі з адпаведным запытам. Каб падстрахавацца ўдакладнялі, каму і куды яму лепш накіраваць сваё хадайніцтва (аб прадастаўленні статуса ўцекача, ― Еўрарадыё). Але да гэтага часу чакаем адказу. Магу сказаць адно, яшчэ будзе развіццё гэтых падзей з нашага боку”, ― кажуць у Прадстаўніцтве Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі