95% інвалідаў I групы цяпер не могуць уладкавацца на працу

120412 Drazdou.mp3

Еўрарадыё: Вы не толькі па чутках ведаеце, з якімі праблемамі сутыкаюцца ў нас людзі на інвалідных вазках. Што найбольш перашкаджае ў штодзённым жыцці?


Сяргей Драздоўскі: Прасцей было б пералічыць тое, што не перашкаджае, бо ва ўсіх сферах жыцця цяпер сустракаюцца перашкоды. Першае — гэта фізічныя абмежаванні: бар’еры, бардзюры, усходы, бездараж — усё вакол гэтага круціцца. Сёння гэтаксама чалавек на вазку не здолее самастойна жыць, без дапамогі звонку выходзіць з дому, трапіць на працу, на навучанне — сёння гэта робіць шмат клопатаў.


Еўрарадыё: Чаму не змяняецца гэтая сітуацыя? Якія адказы вы атрымоўваеце ад уладаў?


Сяргей Драздоўскі: Даходзіць да абсурдаў. Я вам прывяду прыклад. Да нас прыйшоў ліст ад камерцыйнай структуры: “Просім узгадніць рэалізацыю праекта без прыстасавання яго да даступнасці для інвалідаў, бо праца інвалідаў на дадзеным прадпрыемстве не прадугледжаная”. Гэта значыць, што яны ўжо загадзя паведамляюць: “Мы інвалідаў ведаць не хочам. Блізка да сваёй арганізацыі не падпусцім”. Гэта тыповая, відавочная дыскрымінацыя. Вядома, што гэта ўсё праблема стаўлення да інвалідаў. Гэта ўсё можна патлумачыць тым, што, маўляў, у нас грамадства непадрыхтаванае, мы такія недасканалыя... А па сутнасці, тое першае, што павінна быць без усялякіх умоваў, безумоўна — гэта дзяржаўная палітыка. Дзяржаўная палітыка павінна ўлічваць недасканаласць стаўлення грамадства да інвалідаў. У краінах Еўропы і Амерыкі існуе заканадаўства, якое вельмі дакладна, вельмі цвёрда рэгулюе недасканаласць адносінаў паміж людзьмі ў грамадстве. Гэта нармальна.


Еўрарадыё: У нашых суседзяў заканадаўча прапісана, што прынамсі дзяржаўныя ўстановы павінны быць прыстасаваныя да патрэбаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі руху. А ў нас на заканадаўчым узроўні нешта робіцца?


Сяргей Драздоўскі: Заканадаўства ў нас з 1991-га года кажа вельмі ясна і дакладна, што рэканструкцыя ўсіх аб’ектаў без забеспячэння іх даступнасцю для людзей з абмежаванымі магчымасцямі руху забараняецца. Але цяжка нават уявіць, колькі будынкаў будуюць, перабудоўваюць адвольна. Мы здымалі кліп, каб паказаць, як павінна быць, і ў Мінску знайшлі толькі адно даступнае памяшканне! І як такое трываць? Як чалавек мае арганізаваць сабе працу?
Еўрарадыё: Дарэчы, у еўрапейскіх краінах дзяржава спрыяе ўладкаванню на працу людзям з абмежаванымі магчымасцямі руху. Зніжаецца падатак, дастасоўваюцца памяшканні і г. д. А як у Беларусі з працаўладкаваннем?
Сяргей Драздоўскі: Дзяржаўная праграма ёсць, дастаткова сур’ёзная. Сацыяльны пакет ёсць. Але ўсе заканадаўчыя нормы настолькі далёкія ад канкрэтных людзей, што вось вам статыстыка: 95% інвалідаў I групы цяпер не могуць уладкавацца на працу. І гэта людзі, здольныя да працы... Сярод людзей лягчэйшых груп такое беспрацоўе даходзіць да 80%. Вось такія “дзейсныя” гэтыя праграмы. Цяпер праблема працы для інвалідаў другая пасля праблемы “безбар’еркі”. Людзі ўвесь час скардзяцца на выпадкі дыскрымінацыі, на безабароннасць, скардзяцца на няўважлівасць дзяржаўных органаў па занятасці насельніцтва, якія ўсімі сіламі хочуць збыць людзей з інваліднасцю, каб толькі не займацца ўладкаваннем іх на працу. Ёсць факты эксплуатацыі і несумленнага выкарыстоўвання працы людзей з інваліднасцю. Гэта ўсё прычына неадэкватнай і неэфектыўнай палітыкі ў галіне працаўладкавання.

Еўрарадыё: А ці могуць людзі з інваліднасцю атрымаць псіхалагічную падтрымку, прайсці нейкае навучанне, як жыць самастойна?


Сяргей Драздоўскі: Усю гэтую сферу цяпер ахоплівае грамадзянскі сектар. На жаль, дзяржава прысутнічае ў гэтым толькі фармальна. Дзяржава з нечым згаджаецца, не перашкаджае рабіць нешта — гэта мы ўжо лічым за вялікае дабро. Калі б мы атрымалі проста згоду праводзіць такія курсы незалежнага жыцця ад Міністэрства ці Дэпартамента гуманітарнай дзейнасці... Нават такая згода — гэта для нас вялікае дасягненне.


Еўрарадыё: А псіхалагічная дапамога?


Сяргей Драздоўскі: Тут ёсць вялікая праблема. Калі ўсё стаўленне да інвалідаў зводзіцца да таго, што іх трэба накарміць, апрануць, абуць — то тады псіхалагічная дапамога наогул непатрэбная. А нашто? Вось тыя інтэрнаты, што ў нас ёсць, дзе пражываюць 16 тысяч чалавек, — нашто там псіхалагічная дапамога? Там чалавек жыве на ласкавым хлебе, у прыніжаным стане — і гэта лічыцца нормай, гэта нібы нават добра! Таму казаць пра падтрымку чалавечага асабістага псіхалагічнага росту няма як. Дзяржава не ставіць цяпер сабе гэта за мэту.


Еўрарадыё: Наколькі асобы з іншымі абмежаваннямі (слыху ці зроку) сёння абароненыя?


Сяргей Драздоўскі: Дагэтуль сегрэгацыйная палітыка захоўваецца. Лічыцца, што зручней сабраць гэтых людзей у рамках нейкай абмежаванай прасторы — школы, інтэрната... Сабраць туды шэраг спецыялістаў, якія іх будуць вучыць. Такім чынам і грамадства пазбаўляецца сваёй разнастайнасці, таго досведу, што набываецца змалку, — як жыць нам усім разам. Таксама і гэтыя дзеці церпяць, што ў іх гэтаксама няма досведу, як жыць у звычайным свеце. У Гродне зрабілі школу, што прымае дзяцей з рознымі формамі інваліднасці — але туды не могуць даехаць дзеці. І гэта яскравы прыклад таго, як добрыя зачыны скончыліся нічым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі