86% апытаных чыноўнікаў выступаюць за рэформы ў эканоміцы

86% апытаных чыноўнікаў выступаюць за рэформы ў эканоміцы

Сацыялагічнае даследаванне сярод чыноўнікаў і прадпрымальнікаў правялі сацыёлагі з БДУ на замову Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. “Бо на іх пытанні чыноўнікі не адмаўляюцца адказваць”, — усміхаецца дырэктар BISS Аляксей Пікулік.

Высвятлялі, што нашы чыноўнікі і людзі з бізнесу мяркуюць пра рэформы. І што вы думаеце? Вось, да прыкладу, 86% апытаных дзяржслужбоўцаў згодныя, што рэформы ў эканоміцы не толькі неабходныя, але іх трэба правесці цягам найбліжэйшых 1-2 гадоў! Прычым на другім месцы па актуальнасці — рэформы ў сістэме дзяржкіравання.

“Гэта найхутчэй разуменне таго, што наяўная мадэль у тым выглядзе, які яна мае, захоўвацца доўга не будзе і патрэбныя будуць меры па тым, як гэтую мадэль мадэрнізаваць, змяняць. Паляпшэнне і змена правілаў гульні ў эканоміцы, грамадстве і, магчыма, у сістэме дзяржаўнага кіравання неабходныя і непазбежныя, бо інакш немагчыма. І тое, што большасць людзей з каманды дзяржаўнай улады падтрымліваюць неабходнасць рэфармавання, патэнцыйна павінна быць аргументам: чаму пра рэформы варта задумацца”, — тлумачыць атрыманыя лічбы Аляксей Пікулік.

На фоне рэфарматарскіх настрояў сярод чыноўнікаў прадпрымальнікі аказаліся менш гатовымі да зменаў — толькі 56% з іх лічаць неабходным правядзенне ў краіне рэформ. Пры тым, што летась за іх выказваліся 74% прадстаўнікоў бізнес-колаў. Праўда, патлумачыць, чаму так адбываецца, Аляксей Пікулік не здолеў.

Што яшчэ цікавага ў лічбах па чыноўніках? Хаця б тое, што гэтай катэгорыі грамадзян нашай краіны рэформы сістэмы аховы здароўя, адукацыі, сацабароны, ЖКГ сёння не падаюцца асабліва важнай і першачарговай праблемай. Лічбы, аддадзеныя чыноўнікамі на карысць неабходнасці рэформ, у гэтых галінах блізкія да нуля. Ну, ці, як кажуць адмыслоўцы, да статыстычнай памылкі. Прыблізна тое ж адказваюць і прадпрымальнікі, толькі яны актыўна выступаюць за рэфармаванне дзяржаўных інстытутаў. Да прыкладу, за рэформы судовай сістэмы выказаліся 42% апытаных, а за рэформу сістэмы дзяржкіравання — 62%

 

Старшы аналітык BISS Дзяніс Мельянцоў звяртае ўвагу, што і чыноўнікі, і прадпрымальнікі амаль не кажуць пра неабходнасць рэфармавання палітычнай сістэмы краіны — агулам за гэта выказваецца толькі каля 8% апытаных. Чаму?

“Найперш таму, што відавочнасць эканамічнага крызісу для ўсіх ляжыць на паверхні, а калі самае галоўнае — эканоміка, то ўсё астатняе адыходзіць на другі план, — тлумачыць Мельянцоў. — Гэта тычыцца не толькі палітычных рэформ, але і такіх сфер, як сацыялка, ЖКГ. Бо зразумела, што пакуль мы не рэфармуем эканоміку, то нам будзе не да ЖКГ. Другі складнік: ні бізнес, ні чыноўнікі не вераць напоўніцу, што магчыма кардынальна рэфармаваць беларускую палітычную сістэму”.

Дзяніс Мельянцоў

 

І таму выказваюцца “па дробязях”: за рэфармаванне сістэмы дзяржкіравання, судовай сістэмы…

Яшчэ здзіўляе адказ чыноўнікаў на пытанне: “Хто можа нам дапамагчы ў правядзенні рэформ?”. Калі прадпрымальнікі кажуць пра міжнародныя фінансавыя інстытуты — 38% і ЕС — 34%, то дзяржслужбоўцы найперш чакаюць дапамогі ад… Расіі. І толькі потым ад міжнародных структур.

“У разуменні чыноўнікаў дапамога азначае грошы. І незалежна ад эканамічнай сітуацыі ў Расіі мы так моцна прывучаныя, што, нягледзячы на ўсе крызісы, Беларусь так ці інакш атрымлівае зніжкі, субсідыі і крэдыты з Расійскай Федэрацыі, што чыноўнікі не могуць да канца паверыць, што гэта некалі можа змяніцца, — кажа Аляксей Пікулік.

                                             Аляксей Пікулік

"Гэтыя дадзеныя дазваляюць лепш зразумець запатрабаванне на рэформы. І больш дакладна сфармуляваць праектныя прапановы, якія мы будзем далей распрацоўваць ў межах праекта “Рэфорум”, — падводзіць вынік сустрэчы Дзяніс Мельянцоў.

Потым гэтыя прапановы будуць перададзеныя ўладам. Што з гэтага атрымаецца — пытанне заўчаснае. А можа, рытарычнае?

Фота: Змітра Лукашука, http://www.odcrisis.org/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі