85 багацеяў маюць столькі ж, колькі палова Зямлі

22-25 студзеня ў Давосе адбудзецца Сусветны эканамічны форум (СЭФ). Калі ў 2009 годзе мерапрыемства адбывалася на фоне развалу амерыканскага інвестыцыйнага банка Lehman Brothers і перасцярог наконт другой Вялікай дэпрэсіі, то цяпер парадак дня змяніўся.

“Эканамічныя мадэлі росту, геапалітычны ландшафт, грамадская дамова, якая звязвае людзей, і экасістэма нашай планеты радыкальна пераўтвараюцца, адначасова выклікаючы трывогу і, месцамі, узрушэнні”, — кажа заснавальнік і старшыня СЭФ Клаўс Шваб, які лічыць, што ўрадавым чыноўнікам і бізнес-кіраўнікам яшчэ трэба шмат чаго зрабіць.

Тым часам арганізацыя Oxfam зрабіла свой “анонс” напярэдадні эканамічнага форума ў выглядзе новага даклада, у якім сцвярджаецца, што 85 самых багатых людзей свету валодаюць такім жа багаццем, як і палова Зямлі. У арганізацыі лічаць, што ў такой сітуацыі можа паглыбіцца сацыяльная напружанасць.

“Гэта проста ўражвае, што ў ХХІ стагоддзі палова насельніцтва свету  гэта тры з паловай мільярды чалавек маюць не больш, чым маленькая эліта, якая лёгка можа змясціцца ў двухпавярховым аўтобусе”, абураецца Віні Баяніма, выканаўчы дырэктар арганізацыі Oxfam.

Самым багатым у свеце называецца мексіканскі тэлекамунікацыйны магнат Карлас Слім Элу, асабістыя актывы якога ацэньваюцца ў 73 мільярды долараў. На другім месцы — Біл Гейтс з 67 мільярдамі. Самая багатая сярод жанчын — Ліліян Бетанкур, якая зарабіла 30 мільярдаў долараў на касметыцы L’Oréal.

Oxfam заклікае ўдзельнікаў форума прыняць асабістыя абавязкі па вырашэнні праблем, не пазбягаючы аплаты падаткаў і адмаўляючыся ад выкарыстання капіталаў для атрымання палітычнай карысці.

Сапраўды, сацыяльная няроўнасць стане адным з самых вострых пытанняў сёлетняга форума. Вось да якіх высноваў прыходзяць аўтары іншага даклада — “Working for the few” (“Праца для нямногіх”):

“Пэўны ўзровень няроўнасці неабходны для таго, каб падтрымліваць эканамічны рост, узнагароджанне таленту, навыкі, атрыманыя ўпартай працай. Аднак празмерны ўзровень канцэнтрацыі багацця, з якім мы маем справу сёння, пагражае выключэнню соцень мільёнаў людзей з магчымасці выкарыстоўваць іх таленты”.

Акрамя іншых тэмаў, у Давосе абмяркуюць змену клімату і міжнародныя стандарты здароўя. У Швейцарыі чакаюць 2500 дэлегатаў, сярод якіх будзе не менш за 40 кіраўнікоў дзяржаваў.

Фота: themoscowtimes.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі