7 пытанняў пра пазадарожнікі з кулямётамі для "замаху на Лукашэнку"

150 пазадарожнікаў з кулямётамі заказвалі? / Еўрарадыё
150 пазадарожнікаў з кулямётамі заказвалі? / Еўрарадыё

Былы начальнік упраўлення ваеннай контрвыведкі КДБ, а цяпер загадчык кафедры Акадэміі кіравання Станіслаў Князеў у эфіры АНТ расказаў пра 150 пазадарожнікаў з кулямётамі, якія па плане "змоўнікаў" Зянковіча, Фядуты і Кастусёва нібыта павінны былі ўварвацца ў Мінск і жорстка расправіцца з Аляксандрам Лукашэнкам:

— Рыхтавалася дзесьці каля 150 пазадарожнікаў з буйнакалібернымі кулямётамі. Мы іх маглі бачыць па тэлебачанні, калі яны ганяліся па пустэльні за Кадафі. Памятаеце гэта? — расказвае Князеў. — Меркавалася пад прыкрыццём уварвання, што яны дойдуць да Мінска ад Літвы (тут не такая вялікая адлегласць, можна за тры гадзіны дасягнуць). І з буйнакаліберных кулямётаў узяць рэзідэнцыю і расстраляць прэзідэнта.

7 вопросов о внедорожниках с пулемётами для “покушения на Лукашенко”
Станіслаў Князеў / ютуб

Маналог Князева спарадзіў мноства пытанняў, а яшчэ больш — мемаў па матывах постапакаліптычнай рэальнасці фільма "Шалёны Макс". Але Еўрарадыё да сказанага па тэлевізары заўсёды ставіцца з максімальнай сур'ёзнасцю. Мы вырашылі разабраць словы Князева разам з ваенным экспертам Ягорам Лебядком.

1. Ці можна непрыкметна купіць 150 пазадарожнікаў? А незаўважна абсталяваць іх кулямётамі?

Як паказвае досвед Ірака пачатку 2010-х гадоў, заказаць пазадарожнікі, вядома, можна. Іх можна проста выкупіць у дылерскім цэнтры. А "ігілаўцы" ў Масуле ў свой час проста "адціснулі" дылерскі цэнтр "Таёта". З тых часоў гэтыя аўтамабілі, на якіх размяшчаюць кулямёты, сталі вядомыя.

У Літву паступае шмат машын з таго ж Кітая, ЗША. Некалькі кантэйнеравозаў — гэта ж наогул не праблема, даставіць машыны ў Літву праблем няма. Можна нават у самой Літве знайсці 150 пазадарожнікаў. А вось ужо абсталяванне іх буйнакалібернымі кулямётамі патрабуе інжынернай падрыхтоўкі. Гэта альбо мегаўмельцы ў СТА — але зноў жа, трэба разумець, што трэба зрабіць 150 добрых кулямётных станін. Я ўжо не кажу пра 150 кулямётаў і боекамплектаў да іх. Непрыкметна гэтага не зробіш.

7 вопросов о внедорожниках с пулемётами для “покушения на Лукашенко”
Ягор Лебядок / Еўрарадыё

2. ОК, няўжо можна проста ўзяць і перасекчы літоўска-беларускую мяжу?

Зразумела, што нарад памежнікаў не акажа супраціву. Ім і ўступаць у бой, па сутнасці, неабавязкова. Іх задача — паведаміць групам прыкрыцця, групам узмацнення з МУС і Узброеных сіл. На гэтыя выпадкі ўсё ўжо даўным-даўно адпрацавана. І досыць смешна гэта слухаць ад Князева, які ў свой час узначальваў Інстытут нацыянальнай бяспекі.

Тое, што такое мог сказаць нейкі ўмоўны "змоўнік", далёкі ад разумення таго, што такое Узброеныя сілы, як пераадольваюцца межы, якія патрэбныя рэсурсы, — "бразнуць" такое, безумоўна, можна. Сказаць такое хтосьці можа і нават можа паўтарыць. Але верыць у гэтую версію і разглядаць яе як нейкую рэальна сур'ёзную — прабачце, але гэта смешна. Калі гаворка ідзе пра вялікую калону пазадарожнікаў, то проста ў паветра падымаюцца верталёты і ўсіх здымаюць без асаблівых ахвяр сярод асабовага складу.

3. Ці можна замаскаваць перамяшчэнні пазадарожнікаў "уварваннем"?

Умоўна гэта можа быць так: з таго ж Пабрадзе [палігон у Швенчонскім раёне Літвы. — Еўрарадыё] высоўваюць ваенную калону да мяжы Беларусі, якая на месцы стварае ілюзію, што вось-вось будзе ваеннае ўварванне. А ў гэты ж час дзесьці на іншым участку мяжы прарываюцца вось гэтыя вось джыпы. З ваеннага пункту гледжання гэта цалкам нармальны тактычны ход, звычайная дыверсія. Узброеныя сілы адцягваюцца на адзін участак мяжы, рыхтуюцца сустракаць войскі НАТА, але ў гэты час адбываецца дзеянне на іншым, больш адкрытым участку мясцовасці. Але ў разгляданай намі сітуацыі гэта проста цырк. Нават калі б гэтыя 150 джыпаў, якія як мінімум маглі забіць хаця б аднаго памежніка, перайшлі б мяжу, то гэта, па сутнасці, абвяшчэнне вайны. Калі арганізавана нападаюць 150 джыпаў — гэта выглядае як напад іррэгулярных сіл.

4. А калі 150 пазадарожнікаў трапяць у затор на ўездзе ў Мінск? А калі на МКАД аварыя? Усё, не дабяруцца да рэзідэнцыі?

Калі гаварыць пра тактыку дзеянняў, то вялікімі калонамі, як правіла, такія пазадарожнікі не перамяшчаюцца, перамяшчаюцца малымі групамі па дзве-тры машыны. Не факт, што перамяшчаюцца ўсе адначасова, па адной трасе і з аднаго кірунку.

Калі гаварыць пра тактыку прымянення, то ёсць шмат варыянтаў, як іх можна прымяніць, і досыць паспяхова. На мяжы яны ідуць сканцэнтравана, там ім разгарнуцца няма дзе, і іх прасцей выявіць, прасцей знішчыць. Калі яны трапілі на глыбіню хоць бы 100 кіламетраў, то іх ужо трэба вылоўліваць кожную машыну.

7 вопросов о внедорожниках с пулемётами для “покушения на Лукашенко”
"Таёты" на службе ў ісламістаў / gazeta.ru

5. На дарогу ад мяжы да Мінска Князеў даў пазадарожнікам тры гадзіны. Няўжо за гэты час Лукашэнка не схаваюць?

Я не ведаю, што ў галаве ў Князева і ў таго, у каго ён гэты план пазычыў. Можна аналізаваць толькі агульныя тактычныя хады, якія могуць быць выкарыстаны з ужываннем названага ўзбраення і тэхнікі.

Наконт таго, што Лукашэнка цярпліва сядзеў бы і чакаў нападу пазадарожнікаў, Ягор Лебядок аджартоўваецца. І дадае, што сама змова мае сумнеўную прыроду.

Можа быць, і быў такі план, я ўсё дапускаю. Але ў месенджарах столькі можна знайсці планаў па ліквідацыі Лукашэнкі! І кожны з такіх планаў, атрымліваецца, можна ўзяць як нейкую аснову? Ну гэта ж смешна. Я гатовы паверыць, што нехта са "змоўнікаў" мог такую мегаідэю паднакінуць. Але адна рэч — падкінуць ідэю, і іншая — каб пад ёй была якая-небудзь падстава. Таму словы Князева ў тым кантэксце, у якім яны былі сказаны, гэта не больш чым палітычны "накідон" на апанентаў. Калі б яны сапраўды паказалі канкрэтны план, тады сапраўды можна было б нешта абмяркоўваць.

7 вопросов о внедорожниках с пулемётами для “покушения на Лукашенко”
"Змоўнікі" ў час канферэнцыі ў Zoom / АНТ

6. Калі нам пакажуць нешта акрамя зум-канферэнцый і сустрэчы ў рэстаране? Пазадарожнік там ці кулямёт…

Тут больш пытанне такое: чаму нам гэтыя зум-канферэнцыі і сустрэчы наогул паказваюць? Цяпер жа павінны ісці следчыя мерапрыемствы. На гэта ўсё распаўсюджваецца асобны закон. Дый людзей абвінавачваюць без суда, як звычайна. Кожны разумны чалавек, які ведае Фядуту, Кастусёва, разумее, што яны маглі накідваць нейкія варыянты, але вось распачаць такія ваенна-тактычныя крокі — ну гэта ж смешна.

Адзіны варыянт, які сапраўды можа быць, — гэта тое, што такую ерась "змоўнікам" маглі падкінуць падстаўныя генералы, а "змоўнікі", у сваю чаргу, яе маглі агучыць дзесьці за каўкай. Само сабой, потым выдзіраецца гэты кавалак размовы і падаецца як змова. Гэта стандартная схема па дыскрэдытацыі. Вазьміце той жа нядаўні паказ пра Ціханоўскага і нібыта яго пагрозы Мікалаю Лукашэнку. Чаму яго не паказалі тады, калі была гэта сустрэча? Калі канчаюцца прапагандысцкія крокі, то менавіта тады ўкідваюцца такога роду рэчы.

7. Чаму пра пазадарожнікі і кулямёты для "замаху на Лукашэнку" расказвае менавіта Станіслаў Князеў?

Яшчэ добрае пытанне: адкуль выкладчык з Акадэміі кіравання ведае, што там адбываецца ў следчых мерапрыемствах КДБ? Зразумела, што па старой дружбе могуць сказаць, але ж фармальна гэта парушэнне заканадаўства, гэта разгалошванне матэрыялаў следства старонняй асобе.

Чаму каментуе Князеў? А хто цяпер хоча свяціцца? Ды ніхто. З кароткімі заявамі цяпер выступаюць, як правіла, "самыя верхнія", калі гэта трэба аўтарытэтна і важна заявіць. А прапаганду ніхто не хоча на сябе браць — таму што яны самі выдатна разумеюць, што гэта ерась. Мэта такой публікацыі — уздзеянне на слухачоў БТ і АНТ, не больш. Дарэчы, у іншых краінах гэта ўсё выглядае так: праводзіцца расследаванне, устанаўліваюцца вінаватыя, справа трапляе ў суд, а далей ужо пішуцца мемуары, асвятляецца ў СМІ — як, што і ў чым вінаваты. Тут жа ўсё робіцца "да". Таму які гэтаму можа быць давер? Ніякага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі