600 долараў – чырвоны кошт для адпачынку беларускага музыкі

Аляксей Шадзько пазбягае курортаў, папулярных у суайчыннікаў, Саша Ракавец з гурта IQ-48 марыць хаця б некалькі дзён улетку правесці на прыродзе, Аляксандр Саладуха летам будзе абжываць свой новы катэдж, а Ілля Міцько адпачывае там, куды яго занясуць гастролі. У сярэднім зоркі трацяць на адпачынак ад 500 да 1000 долараў.

Аказалася, большасць музыкаў плануюць сумясціць “прыемнае з карысным”, бо лета – гэта яшчэ і актыўны фестывальны час. ВІА “Харлі”, напрыклад, ужо сядзяць на валізках: іх чакае канцэртны тур па Адэскай і Мікалаеўскай абласцях Украіны, які працягнецца амаль да канца лета. Так што музыкі, па словах Яўгена Чалышава, маюць магчымасць не толькі працаваць, але набыць паўднёвы загар.

Яўген Чалышаў: “У прынцыпе, калі адпачынак сумешчаны з працай – гэта ўдвая прыемней. Літаральна праз 2 тыдні мы паедзем у тур па Адэскай і Мікалаеўскай абласцях. І нашае турнэ працягнецца да канца лета”.

Музыка кажа, што калі ўсё ж такі будзе магчымасць, ён не супраць падацца ў сапраўдны адпачынак са сваёй другой паловай і згодны патраціць на гэта каля дзвюх тысяч долараў.

Падобная сітуацыя з адпачынкам склалася і ў фронтмэна гурта “Лепрыконсы” Іллі Міцько. Ён застаецца тусавацца там, дзе выпадае граць канцэрты, а грошы на гэта траціць тыя, якія ёсць у ягоным партманэ.

Ілля Міцько: “Я звычайна спалучаю адпачынак з гастролямі. Еду куды-небудзь з канцэртамі і там жа застаюся. Гэта можа быць Крым, Турцыя, Егіпет...А грошы трачу тыя, што ёсць у маім кашальку”.

Удзельнікі гурта “Дразды” плануюць летам паіграць канцэрты і рвануць у выніку на мора. Толькі вось спусціць на забавы больш за 600 долараў галоўны “дрозд” Віталь Карпанаў не збіраецца, бо лічыць сябе артыстам сярэдняга дастатку.

Віталь Карпанаў: “500 долараў-чырвоны кошт! Можна і 600. Артысту з сярэднім дастаткам больш за тысячу траціць няправільна”.

Саша Ракавец з гурта “IQ48” не прагне цёплых пяскоў. Ён плануе адпачынак браць кавалкамі, і ўсё дзеля таго, каб паіграць канцэрты і адпачыць некалькі дзён на прыродзе.

Саша Ракавец: “Буду кавалкамі браць адпачынак, каб з’ездзіць некуды канцэрцікі паіграць. А так мару выбрацца на некалькі дзён на прыроду. Там і адпачну”.

У роднай Беларусі збіраеца адпачываць і Аляксандр Саладуха. Спявак распавёў, што 5 дзён таму ён з сям’ёю засяліўся ў катэдж ля Пцічы і загар плануе атрымаць беларускі.

Аляксандр Саладуха: “Планую тут дабраўпарадкаваць тэрыторыю, купацца ў вадасховішчы Пціч, садзіць зялёную траву...”

Шчыльны гастрольны графік не дазваляе музыкам з гурта “Drum Extasy” расслабіцца напрацягу 3 апошніх сезонаў адпачынку. Таму каманда вымушана адпачываць у лютым за грошы, заробленыя ў снежні. Філіп Чмыр, да прыкладу, сабраўся наведаць Кітай і Іспанію.

Філіп Чмыр: “Лета – для нас дастаткова шчыльнае канцэртнае жніво, таму адпачываем мы ў лютым. Я збіраюся паехаць у Кітай. А ў студзені, паколькі канцэртаў у гэтым месяцы няшмат, хачу зганяць у Іспанію. Таму што спёку не пераношу. А там зімою мне будзе добра.”

Гэтым летам спявак і актор Аляксей Шадзько заняты ў здымках фільма, рэпетыцыяй новай ролі ў тэатры і гастролямі. Па словах музыкі, яго вабяць месцы для адпачынку, дзе мала суайчыннікаў. Ды і ўвогуле музыка аддае перавагу зімоваму адпачынку, за які гатовы выкласці каля 1000 долараў.

Аляксей Шадзько: “Я не люблю ехаць туды, дзе можна сустрэць нашых, а аддаю перавагу катанню на лыжах у верхніх ці ніжніх Татрах. На гэтае задавальненне сыходзіць няшмат: недзе ад 500 да 1000 долараў. Даражэй я не езджу”.

Фота : www.generation.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі