Свята прымеркаванае да 1147-й гадавіны першай згадкі пра Полацк у летапісах, яно адбываецца ў Верхнім замку ля сценаў Сафійскага сабора.
У праграме — турніры рыцараў і лучнікаў, бугурты, старажытныя гульні са
гледачамі. Працуюць кавалі, ганчары, збройнікі, ткачы, ювеліры, вырабы
якіх можна набыць на кірмашы. У фэсце ўдзельнічаюць "Стары Ольса" і
"Яварына".
Увечары пройдзе першы Полацкі конкурс агнявых відовішчаў "Ноч агню".
Дзесяць каманд з Беларусі, Украіны і Расіі будуць змагацца за тытул
найлепшых у жанры fire show.
На 24 траўня запланаваны імправізаваны штурм Полацкага замка. Гэтым
разам вышыня фартыфікацыі - 22 метры. У бугуртах і штурме бяруць удзел
больш за 300 рыцараў. На цяперашні "Рубон" упершыню прыехалі аматары
гістарычнай рэканструкцыі з Літвы.
Арганізатар фэсту - народны тэатр гістарычнага касцюма "Полацкі зьвяз"
пры падтрымцы Полацкага гарвыканкама. Фэст атрымаў назоў "Рубон" у
гонар гістарычнага назову Заходняй Дзвіны і старажытнага баявога клічу
полацкіх ваяроў, з якім яны ішлі ў атаку.
БелаПАН