23-гадовага гамельчука асудзілі на 3,5 гады за "тэлефоннае мініраванне" рынку

23-гадовы жыхар Гомеля, грамадзянін Расіі, асуджаны на тры з паловай гады пазбаўлення волі. Падставай стала ягонае ілжывае паведамленне пра мініраванне гомельскага рынку "Цэнтральны".
Званкі пра нібы закладзенае выбуховае прыстасаванне паступілі ў міліцыю 8, 10 і 11 лістапада 2007 года. Неўзабаве ў "мініраванні" прызнаўся 13-гадовы вучань гомельскай школы. Ён паведаміў міліцыі, што патэлефанаваць і сказаць пра "бомбу" яго папрасіў знаёмы прадавец кружэлак з рынку. Яго і затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў у псіхіятрычнай лякарні пры паступленні на лячэнне.

На следстве ён паказаў, што першы раз папрасіў патэлефанаваць непаўналетняга, бо баяўся праверкі падатковай інспекцыі ў гэты дзень, 8 лістапада, а таксама канфліктаваў з наймальнікам. Другі і трэці раз, па прызнанні падазраванага, ён тэлефанаваў сам.

Але на судзе малады чалавек адмаўляў, што тэлефанаваў самастойна другі і трэці раз. Ён заявіў, што прызнанні даў пад ціскам супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Адмаўляў абвінавачваны і тое, што прасіў тэлефанаваць непаўналетняга. Па яго словах, хлопчык сам прапанаваў ідэю званку ў міліцыю і сам яе рэалізаваў.

23 красавіка 2008 года гамяльчанін быў прысуджаны да трох гадоў і трох месяцаў пазбаўлення волі, але пракуратура апратэставала прысуд, палічыўшы пакаранне не адпаведным здзейсненаму злачынству. 14 лістапада суд Цэнтральнага раёна Гомеля прысудзіў юнака да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі