19:21 Урад загадаў знізіць запасы прадукцыі на складах

Урад Беларусі ўстанавіў
заданне на 2007 год па зніжэнні запасаў прадукцыі ў арганізацыях прамысловасці.
 Згодна з дакументам, у прамысловасці суадносіны запасаў і сярэднямесячнага
аб'ёму вытворчасці па выніках студзеня-сакавіка 2007 года павінны скласці не
больш за 69%, студзеня-чэрвеня — 65%, студзеня-верасня — 61%, года — 58%.

Органам дзяржкіравання даручана кантраляваць гэтыя заданні і прадстаўляць у
Мінэканомікі адпаведныя звесткі. Гэтае міністэрства, у сваю чаргу, абавязана
інфармаваць аб выкананні задання па зніжэнні запасаў гатовай прадукцыі Савет
міністраў.

Нагадаем, паводле звестак на 1 лютага запасы гатовай прадукцыі
прымысловых прадпрыемстваў павялічыліся ў фактычных цэнах з пачатку года на
18,3% пры росце індэкса цэн вытворцаў прамысловай прадукцыі за гэты перыяд на
12,6%.

Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб'ёму
вытворчасці ў студзені 2007 года ў фактычных цэнах склалі 57,4% (летась — 53,2%). У фактычных цэнах запасы склалі 3 трлн. 3,2 млрд.
рублёў.

Найбольшыя суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага
аб'ёму вытворчасці склаліся ў лёгкай прамысловасці (128,3%), харчовай прамысловасці (88,7%), машынабудаванні і металаапрацоўцы (83,1%).