17 падзей чэрвеня, якія варта не прапусціць

Чэрвень апынуўся такім багатым на музычныя падзеі, што Еўрарадыё ледзьве не заблыталася. Таму мы вырашылі пра іх напісаць, каб самім нічога не забыць, і каб вы ведалі, куды можна схадзіць у вольны час.

6 чэрвеня ў суботу ля мінскай ратушы стартуе фестываль "Джазавыя вечары з банкам БелВЭБ". На плошчы Свабоды будуць гучаць абсалютна чароўныя песні датчаніна Мадса Матыяса, найлепшага музыкі Даніі 2014 года, вакаліста і мультыінструменталіста. Ён выканае песні са свайго апошняга альбома “Free Falling” і кампазіцыі Фрэнка Сінатры. Таксама перад мінчукамі выступяць піяніст Петар Розэндаль, беларусы Ян Сапега і Уладзімір Бялоў, “Канстанцін Гарачы Трыа” і шведы Copro. Наведаць фестываль можна бясплатна.

6 – 7 чэрвеня (бліжэйшыя выхадныя) у мінскім Музеі гісторыі беларускага кіно адбудзецца паказ фільмаў маладых польскіх аўтараў, выпускнікоў кінашколы ў Лодзі і Школы Вайды ў Варшаве. Акцэнт у праграме, якая будзе складацца з двух ігравых і чатырох дакументальных фільмаў, зроблены на праблемы і турботы польскай моладзі. Як вядома, польскае кіно атрымлівае “Оскары”, таму не выключана, што сярод маладых рэжысёраў ёсць і будучы Кіслёўскі ці Занусі!

7 чэрвеня ў нядзелю ў Мінску ў межах "Джазавых вечароў у філармоніі" будзе граць "Трыа Канстанціна Гарачага". Музыкі прэзентуюць свой дэбютны альбом "On The Bridge". Гарачы — бадай самы вядомы беларускі джазавы піяніст і арганіст. Ён выдае абсалютна фантастычныя рэчы на клавішах і практычна раствараецца ў сваіх імправізацыях. П’есы піша ён даўно, і вось нарэшце яго рукі дайшлі да альбома. Квіткі каштуюць ад 50 да 160 тысяч рублёў.

8 чэрвеня ў панядзелак у музеі Азгура ў сталіцы выступіць The Unlimited Trio. Каманду складаюць выпускнікі Рэспубліканскага музычнага каледжа, якія аселі ў Празе, перамагаюць у міжнародных конкурсах і скараюць еўрапейскія фэсты і залы сваёй незвычайнай і атмасфернай музыкай — міксам акустычнага арт-рока, джаза, фолка і класікі. Цяпер баяніст Аляксандр Ясінскі, гітарыст Мікіта Крэйн і скрыпач Ілля Чарнаклінаў знаходзяцца ў туры па гарадах Беларусі. Квіткі — 60 тысяч.

10 чэрвеня ў сераду ў мінскім паб-клубе "Графіці" будуць гучаць песні беларускага трэш-шансанье Георгія Дабро. Георгій запрашае ўсіх на свой творчы вечар, у межах якога будзе прадстаўленая праграма "Чапаеў такі Чапаеў" а таксама Георгій спяе свае найлепшыя песні, такія як “Бальзаковский возраст”, “Слезинка”, “Женщина моя” і іншыя. Квіткі — 80, 100 тысяч.

11 чэрвеня ў чацвер зноў жа ў "Графіці" пройдзе традыцыйны летні акустычны канцэрт гурта Bosae Sonca. А дакладней, толькі часткі гурта. У Мінск з'едуцца вакаліст Алесь Кот-Зайцаў (прыедзе з Варшавы) і баяніст Аляксандр Ясінскі (з Прагі). Гэтым разам апроч лепшых песень каманды, прагучыць перадпрэзентацыя праграмы "Unplugged. DVA", дзе ўсю музыку робяць уласна Кот-Зайцаў і Ясінскі. Квіткі — 70, 80 тысяч.

11 чэрвеня ў чацвер ў клубе TNT у сталіцы выступіць гурт Haina — дэбютанты прэміі "Даём рады-2014". Музыкі граюць эксперыментальны рок на баяне, скрыпцы і барабанах. На канцэрце яны выканаюць вядомы слухачам Еўрарадыё ЕР "Мішэні" і песні з будучай кружэлкі. Уваход вольны.

13 чэрвеня ў суботу — зноў канцэрты "Джазавых вечароў ля ратушы". Туды ў любым выпадку трэба ісці, нават калі вы не ведаеце, хто такая Беата Пшыбытэк, Нгуен Ле з трыа “Агонь і вада”, нямецкі трубач Клаўс Штэтар. Але, спадзяемся, вы ведаеце, хто такі Аганес Аванесян і яго трыа Morfe! Яны таксама будуць граць у гэты вечар.

16 чэрвеня ў аўторак, калі вы любіце гурт Port Mone ці беларускія народныя песні, ідзіце ў філармонію: Аляксей Варсоба і Ірэна Катвіцкая будуць прэзентаваць сваю сумесную праграму "Agata". У анатацыі да праекта пазначана, што яго ўнікальнасць — ва ўзаемадзеянні спецыфічных вакальнай і інструментальнай рысаў. Вакальная лінія — традыцыйная, рытуальная, якая захоўвае дыялекты, архаічныя лады і манеру. Інструментальная спалучае аўтарскую манеру выканання і прыёмы сучасных музычных напрамкаў (неакласіку, авангард, неамінімалізм). Квіткі — 80 тысяч.

18 чэрвеня ў чацвер у музеі Азгура пачынаюцца паказы нямога кіно пад акампанемент лепшых маладых беларускіх кампазітараў на адкрытым паветры. У межах фестывалю "Кінемо"! паказваць фільмы будуць шточацвер, аж па 16 ліпеня, у 21.30. Стартуе фэст з амерыканскай стужкі "Навігатар" 1924 года. Суправаджаць яе будзе Тамара Серыкава (Беларусь-Германія). Фэст, дарэчы, праедзецца сёлета ў Брэст, Магілёў і Гродна. Квіток на вечаровы сеанс каштуе 50 тысяч. Абанемент на ўсе паказы абыдзецца ў 200 тысяч.

18 чэрвеня ў чацвер востраў у Камсамольскім возеры ў Мінску ператворыцца ў выставачную пляцоўку дзякуючы праекту "Арт-Астравы". Кажуць, праект дазволіць гараджанам дакрануцца да найбольш актуальных тэндэнцый у сучасным мастацтве.

20 чэрвеня ў суботу ў ангары сталічнага бара "Хуліган" адбудзецца вялікая дзвіжуха з гуртом Shuma і сябрамі. Па-першае, сама Shuma будзе прэзентаваць дэбютнік "Znivo". Потым будуць граць Shuma voices з Ne Tek (чакаюцца рытуальныя купальскія спевы з агнямі і варажбой), сэты Raketka, Dee Flack, Magic, Shumaboy&likedill, Nick Cherny. Руся і сябры абяцаюць незабыўную ноч. Не прапусціце! Квіткі — 100 тысяч.

20 чэрвеня ў суботу ў клубе TNT гурт Akutе яшчэ раз прадставіць абноўлены склад. У Рамана і Стаса дагэтуль не асабліва ладзілася з бубначамі. Таму яны вырашылі паспрабаваць граць з бубначкай. Тым больш, самай вядомай беларускай рок-ударніцай Вікі Фэйтс. Вось і пабачым, што атрымліваецца з гэтай калабарацыі. Квіткі будуць каштаваць 150 тысяч.

20 чэрвеня ў суботу завяршаць "Джазавыя вечары ля ратушы" будуць “ікона брытанскага джаза” па версіі часопіса “Time”, лаўрэат брытанскай прэміі Music Of the Black Origin Awards і Mercury Music Дэніс Баптыст і славутыя беларускія джазмены Apple Tea.

20-21 чэрвеня (гэта выхадныя) можна наведаць музейны комплекс "Дудуткі", дзе пройдзе вялікі оўпэн-эйр "Купальскае Кола". Чакаецца рэканструкцыя купальскага абраду, вялікія кірмашы з хэнд-мэйдам, рознага кшталту майстар-класы і канцэрт з такімі заркамі, як Gods Tower, Znich, "13-ты бубен" і іншыя.

25 чэрвеня ў чацвер у філармоніі працягнуцца "Джазавыя вечары". Гэтым разам на сцэну выйдзе зорка Брадвея Джоні Роджэрс і яго не менш зорны квартэт. Квартэт грае музыку, стылістычна аб'яднаную пад назвай "амерыкана". А сам Джоні ў свой час акампанаваў самой Лайзе Мінэлі. Квіткі ад 50 да 160 тысяч.

25 чэрвеня ў чацвер у мінскім Палацы спорту пройдзе Metropolis Fest, які, як пішуць у прэс-рэлізах, мусіць стаць самай гучнай музычнай падзеяй 2015 года. У яго межах выступяць знакмітыя прагрэсіў-металісты Dream Theater, а таксама нарвежцы Lerpous, расіяне Mechanical Man і малады беларускі паўэр-прагрэсіў-метал-гурт Ivory. Квіткі ў фан-зону каштуюць 900 тысяч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі