17-гадовая дзяўчына купіла даведку аб цяжарнасці, каб не адлічылі з каледжа

Маладзечанскі райаддзел Следчага камітэта пачаў крымінальную справу на 17-гадовую навучэнку Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа.

Дзяўчына не хацела наведваць заняткі, але баялася, што яе адлічаць. Таму яна вырашыла сімуляваць цяжарнасць, бо гэта была б паважная прычына. Праз інтэрнэт яна знайшла махляра, які падрабіў ёй даведку пра часовую непрацаздольнасць, звязаную з цяжарнасцю. Спярша яна пералічыла за паслугу на электронны кашалёк 500 тысяч рублёў, потым яшчэ столькі ж пры атрыманні гатовага дакумента.

У бухгалтэрыі каледжа дзяўчыне па гэтай даведцы прызначылі дапамогу па цяжарнасці — 2 млн 760 тыс. рублёў. Акрамя таго, яе вызвалілі ад навучання, паведамляе БелаПАН.

Пазней высветлілася, што даведка фіктыўная і паліклінікай не выдавалася.  А лекар, які нібыта падпісаў заключэнне аб стане здароўя, там не працуе.

Фота — neboley.zp.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі