15 жніўня ў Беларусь пачнуць прыбываць расійскія вайскоўцы

15 жніўня ў Беларусь пачнуць прыбываць расійскія вайскоўцы

15 жніўня ў Беларусь пачнуць прыбываць расійскія вайскоўцы. Яны паўдзельнічаюць у вайсковым вучэнні, якое будзе папярэднічаць “Захаду-2017”, прызначанаму на верасень. Як інфармуе прэс-служба Міністэрства абароны нашай краіны, беларуска-расійскай спецыяльнае вучэнне пройдзе 21-25 жніўня. У ім будуць задзейнічаны органы ваеннага кіравання, злучэнні, вайсковыя часткі, арганізацыі тылавога, тэхнічнага забеспячэння Узброеных сіл Беларусі і Расіі. Расійскія вайскоўцы прыбываюць у Беларусь “для стварэння рэальнай абстаноўкі і адпрацоўкі практычных дзеянняў сіл і сродкаў тылавога і тэхнічнага забеспячэння ў ходзе вучэння, у якасці войскаў абазначэння”.

Беларускія і расійскія вайскоўцы “сумесна адпрацуюць комплекс мерапрыемстваў па тылавым і тэхнічным забеспячэнні”. Гэта — прыкрыццё аб’ектаў на ўчастках ваенна-аўтамабільных дарог, разгортванне палявога магістральнага трубаправода, участкаў масавай запраўкі тэхнікі.

Пра тое, якая будзе колькасць вайскоўцаў з Расіі, не паведамляецца. Таксама невядома, ці яны застануцца ў Беларусі да верасня, да вучэнняў “Захад-2017”, ці пасля 25 жніўня вернуцца на радзіму. Як вядома, у верасні ў беларуска-расійскіх вучэннях паўдзельнічаюць амаль 13 тысяч вайскоўцаў і 680 адзінак тэхнікі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі