13:45 Рабочыя завода "Тэрмапласт" патрабуюць павышэння заробкаў

Рабочыя двух цэхаў мінскага завода "Тэрмапласт" запатрабавалі ад адміністрацыі прадпрыемства павышэння заробкаў. Сёння раніцай група работнікаў прыбыла ў будынак адміністрацыі завода, дзе агучыла свае патрабаванні кіраўніцтву.

Пра гэта паведамілі ў пярвічнай арганізацыі прафсаюза работнікаў прамысловасці, які ўваходзіць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Аднак у прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства адмовіліся паведаміць, ці спынялі працу гэтыя цэхі.

Пры гэтым некаторыя СМІ са спасылкай на неафіцыйныя крыніцы паведамілі, што на "Тэрмапласце" прайшла стыхійная забастоўка.

"Цяпер цэхі працуюць, ніякай забастоўкі няма. Дырэктар прадпрыемства і начальнікі цэхаў праводзяць нарады па пытанні магчымасці павышэння расцэнак за працу на гэтых участках", - паведамілі ў пярвічнай арганізацыі прафсаюза і падкрэслілі, што пытанне аб павышэнні зарплаты "пастаянна ставіцца перад кіраўніцтвам" завода.

Паводле інфармацыі прадстаўніка прафсаюза, сярэдняя зарплата на прадпрыемстве ў лютым склала прыблізна 460 тыс. рублёў. Мінскі завод "Тэрмапласт" з'яўляецца лідэрам у рэспубліцы па перапрацоўцы пластычных мас у вырабы.

Прадпрыемства вырабляе камплекты карпусных дэталей да акумулятараў, упакоўку для медыцынскіх апаратаў, тавары народнага спажывання і тэхнічнага прызначэння, буйнагабарытныя формы для ліцця. На прадпрыемстве працуе больш за 700 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі