13:12 Ахмадзінежад сцвярджае, што Іран авалодаў перадавымі ўзбраеннямі

Згодна са сцвярджэннямі Махмуда Ахмадзінежада, Іран авалодаў самымі перадавымі ўзбраеннямі і вайсковымі тэхналогіямі нягледзячы на шматгадовыя санкцыі. "Некаторыя фанабэрыстыя дзяржавы лічылі, што абмежаваўшы пастаўкі ўзбраенняў у Іран, прыслабяць наша войска.

Аднак маладыя іранскія навукоўцы здолелі забяспечыць ваенныя запатрабаванні нашых узброеных сіл ва ўсіх галінах", - заявіў у сераду прэзідэнт Ірана, выступаючы з прамовай з нагоды Нацыянальнага дня войска Ісламскай Рэспублікі. Спадара Ахмадзінежада цытуе “АФН”.

Прэзідэнт Ісламскай Рэспублікі зазначыў таксама, што Іран выступае за мір і стабільнасць у рэгіёне і ў свеце, і гатовы ўзаемадзейнічаць з усімі дзяржавамі, акрамя "фальшывага рэжыму Ізраіля".