125 гадоў таму нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі

 8 лістапада спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння выбітнага грамадска-палітычнага дзеяча, гісторыка, філолага, этнографа, публіцыста, пісьменніка і літаратуразнаўца Беларусі Вацлава Ластоўскага (08.11.1883—23.01.1938). Ён быў актывістам Беларускай сацыялістычнай грамады, рэдакцыйным сакратаром газеты "Наша ніва", уваходзіў у кіраўніцтва партыі "Хрысціянская злучнасць" і з'яўляўся старшынёй кабінета міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі.В.Ластоўскі выступаў супраць савецкай улады і польскай акупацыі за незалежную і цэласную Беларусь. У пачатку 1920-х гадоў ён наведаў шэраг краін Заходняй Еўропы, дзе адстойваў правы беларускага народа. З красавіка 1927 года працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інстытуце беларускай культуры, сакратаром Беларускай акадэміі навук. Даследаваў старажытнабеларускую гісторыю, літаратуру і паходжанне назвы "Беларусь". Аўтар гістарычных літаратурных твораў, апавяданняў, успамінаў і артыкулаў пра вядомых дзеячаў нацыянальнага адраджэння. Перакладаў на беларускую мову творы класікаў рускай, англійскай, польскай і дацкай літаратур.

  Двойчы, у 1930 і 1937 гадах, В.Ластоўскі арыштоўваўся. Пасля першага арышту быў сасланы на пяць гадоў у Саратаў (Расія), пасля другога — прыгавораны да расстрэлу як "агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі". Як зазначыў у інтэрв'ю БелаПАН кандыдат філалагічных навук Язэп Янушкевіч, сваёй творчасцю Ластоўскі даказаў: лепшым універсітэтам для чалавека з'яўляецца "глыбока прачытаная і шчыра напісаная кніга". Нягледзячы на пачатковую чатырохгадовую адукацыю, Вацлаў Ластоўскі стаў членам-карэспандэнтам Украінскай акадэміі грамадазнаўства ў Празе (Чэхія) у 1926 годзе і акадэмікам Акадэміі навук Беларусі ў 1928 годзе. "Аб тым, што Вацлаў Ластоўскі быў вучоным-энцыклапедыстам, сведчыць яго даследаванне "Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі", напісанае ў 1926 годзе", — зазначыў Я.Янушкевіч. Паводле яго слоў, В.Ластоўскі здолеў зрабіць больш, чым некалькі акадэмічных інстытутаў.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі