12 тысяч каталікоў паўдзельнічалі ва ўрачыстай працэсіі ў Мінску (фота)

Прыкладна 12 тысяч каталікоў, прадстаўнікоў 15 сталічных абшчын рымска-каталіцкай і грэка-каталіцкай цэркваў, сталі ўдзельнікамі эўхарыстычнага шэсця ў гонар урачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана, арганізаванага 6 чэрвеня па цэнтральных вуліцах Мінска. Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі ксёндз Аляксандр Амяльчэня, у працэсіі ўдзельнічалі дзеці са сталічных парафій, якія сёлета прынялі першую святую камунію, прадстаўнікі розных малітоўных груп і рухаў, святары.

Шэсце, адзначыў ксёндз Аляксандр, з'яўляецца сведчаннем прысутнасці Бога не толькі для вернікаў, але і для прахожых — мінчан і гасцей горада. Паводле яго слоў, адна з задач арганізатараў працэсіі якраз і заключаецца ў тым, "каб нявернікі хаця б на імгненне задумаліся аб прысутнасці Бога".



Паводле традыцыі ўрачыстасць пачалася святой імшой каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы. Затым удзельнікі шэсця на чале з арцыбіскупам мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам і апостальскім візітатарам для грэка-каталікоў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам прайшлі па тратуары праспекта Незалежнасці, вуліцах Берсана, Валадарскага, Інтэрнацыянальная і завяршылі акцыю каля архікафедральнага касцёла імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Працэсія спынялася на плошчы Перамогі, дзе адбылася малітва ў гонар 65-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама на Кастрычніцкай плошчы, плошчах Незалежнасці і Свабоды.




Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч


Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі