12 прыватных медцэнтраў пазбаўленыя ліцэнзіі

12 прыватных медцэнтраў пазбаўленыя права займацца медыцынскай дзейнасцю. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў міністр аховы здароўя Васіль Жарко. Паводле яго слоў, у медцэнтрах, у якіх забралі ліцэнзіі, быў выяўлены шэраг парушэнняў, што могуць адбіцца на здароўі і жыцці людзей, такіх, напрыклад, як выкарыстанне састарэлага абсталявання. Міністр распавёў, што ўсяго на сённяшні дзень было праверана 260 медцэнтраў па ўсёй Беларусі. Праверка закранула ўсе віды медыцынскай дзейнасці: хірургія, гінекалогія, стаматалогія і іншыя, перадае “Інтэрфакс”.


Нагадаем, у красавіку пасля пластычнай аперацыі па карэкцыі формы носа памерла 23-гадовая Юлія Кубарава.


Дзяўчына рабіла аперацыю ў адным са сталічных медцэнтраў 27 сакавіка. Па словах сваякоў, аперацыя замест належных паўтары-дзвюх гадзін доўжылася амаль тры. Хірург пасля ўмяшання з'ехаў адразу. Анестэзіёлаг зазірнуў да дзяўчыны ў палату і сказаў, што будзіць яе не трэба — прачнецца сама. Потым ён таксама пакінуў устрывожаных бацькоў дзяўчыны. Уначы медсястра цэнтра выклікала лекараў, і Юлію даставілі ў рэанімацыю 4-й гарадской клінікі. Чатыры тыдні яна правяла ў коме. Медыкі 4-й мінскай клінічнай лякарні зрабілі ўсё, каб яе выратаваць. На жаль, гэта не атрымалася: у канцы красавіка дзяўчына памерла.


Паводле звестак расследавання, падчас аперацыі адключыўся апарат штучнага дыхання. Як выявілася, ніхто не цікавіўся яго спраўнасцю з красавіка 2010 года.


На пачатку траўня была распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 162 Крымінальнага кодэксу Беларусі за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскімі работнікамі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента.


Затрыманыя дырэктар медцэнтра і лекар-анестэзіёлаг. Сам цэнтр пазбаўлены ліцэнзіі на правядзенне хірургічных работ.



Фота — splendourjoslain6.blogspot.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі