10 краін вызначыліся з прэтэндэнтамі на “Еўрабачанне-2015” (відэа)

"Еўрабачанне-2015" пройдзе 23 траўня ў сталіцы Аўстрыі. Сёлета ў ім возьмуць удзел артысты з 39 краін. Пакуль з прадстаўнікамі на конкурс вызначыліся толькі 10 з іх.

Так, за перамогу ў Вене пазмагаюцца беларусы Юзары і Маймуна. Дуэт выканае песню “Time”. Дагэтуль Юзары жо спрабаваў свае сілы ў нацыянальных адборах на конкурс, аднак толькі ў дуэце з эфектнай скрыпачкай спеваку атрымалася дасягнуць жаданага поспеху. Музыкі лічаць сваю песню абсалютна актуальнай і абяцаюць скарыць Еўропу прафесіяналізмам і стыльнасцю. Неўзабаве чакайце вялікага інтэрв'ю з музыкамі ў нашым эфіры і на сайце.

Грузію на конкурсе прадставіць Ніна Сублаці з песняй "Warrior". Спявачка вучыцца на факультэце музычных тэхналогій у Дзяржаўнай кансерваторыі Тбілісі. Яе дэбютны альбом “Dare to Be” стаў самым прадаваным у гісторыі Грузіі.

Ад Албаніі ў Вену паедзе Элайда Дані, якая з’яўляецца пераможцай шоў "Голас Італіі" (The Voice Italy). Яна прадставіць сваю краіну з песняй “Të kërkoj”, што значыць “Пераможца”.

Іспанія, адна з краін “Вялікай пяцёркі”, сёлета адпраўляе на “Еўрабачанне” папулярную спявачку Эдурнэ (Edurne) з песняй на іспанскай мове "Amanecer", якую, праўда, яшчэ ніхто не чуў. Дзяўчына вядомая не толькі як ўдзельніца разнастайных тэле-шоў, але і як каханая голкіпера “Манчэсцер Юнайтэд” Давіда дэ Хэа.

Адна з фаварытак букмекерскіх прагнозаў, Трэйнцье Остэрхёс, на “Еўрабачанні” прадставіць Нідэрланды. Галандская спявачка выканае ўласную песню “Walk Along”, напісаную сумесна з калегай па мінулагоднім конкурсе Анук.

Пакуль не вядома, з якой песняй выступіць у аўстрыйскай сталіцы малады бельгійскі спявак Лоік Нотэ. Хлопец атрымаў вядомасць дзякуючы ўдзелу ў шоў “Голас Бельгіі”, пасля чаго падпісаў кантракт з “Sony Music”.

Ад Македоніі на “Еўрабачанне 2015” паедзе Даніэль Каймакоскі. Музыка, пра якога ёсць вялікі артыкул у Вікіпедыі, выканае песню на роднай мове “Lisja esenski” (“Восеньская лістота”). У сямігадовым узросце Даніэль з сям’ёй пераехаў з Македоніі ў Вену. Першы канцэрт на Радзіме даў у 2009 годзе. Аўтар шасці альбомаў.

Яшчэ адна песня з назвай "Warrior" (“Воін”) прагучыць у Вене у выкананні мальтыйскай спявачкі Эмбер. Дзяўчына спрабавала патрапіць на “Еўрабачанне” з 2011 года, штогод удзельнічаючы ў нацыянальных адборах. У 2012 годзе выступала на бэк-вакале ў Курта Калеі, песня якога заняла 21 месца ў фінале.

Ад Сан-Марына на “Еўрабачанне” сёлета едзе дуэт Мікеле Перніола і Аніты Сіманчыні: кожны з артыстаў ужо спрабаваў сябе ў дзіцячым конкурсе. Гэта будзе самы малады дуэт за ўсю гісторыю конкурса( у дзіцячым конкурсе Мікеле выступаў яшчэ ў 2013 годзе, а Аніта ўвогуле летась). Песня, якую выканаюць маладыя людзі, будзе аб’яўлена пазней.

Ненад Кнежыч (Knez) прадставіць на конкурсе Чарнагорыю. Цікава, што Чарнагорыя не праводзіла сёлета адборачны тур на “Еўрабачанне”, а вырашыла адправіць у Вену папулярнага і любімага публікай артыста.


Паводле www.euroinvision.ru, unlimbet.ru, Вікіпедыі, сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі