10 гадоў таму памёр Васіль Быкаў

За тры дні да смерці, 19 чэрвеня яму споўнілася 79 гадоў.

Васіль Быкаў увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як ваенны пісьменнік — пераважная большасць яго твораў прысвечаная падзеям Вялікай айчыннай вайны. У іх паказаны маральны выбар чалавек у найболей драматычныя моманты жыцця, за што Быкава часта лічаць прадстаўніком экзістэнцыялізму ў айчыннай літаратуры.


Сам пісьменнік ваяваў з 1942 года да перамогі, двойчы быў паранены і нават запісаны ў загінулыя. Пасля заканчэння вайны ён жыў у Гродне, працаваў мастаком, а пасля паступова заняўся журналістыкай і літаратурай. Першая яго аповесць “Апошні баец” выйшла ў 1958 годзе. Агулам ён стварыў больш за тры дзясяткі аповесцяў і раманаў, якія сталі прызнанымі шэдэўрамі нават далёка за межамі Беларусі.



Найбольш знакамітыя творы Быкава — “Абеліск”, “Дажыць да світання”, “Сотнікаў”, “Альпійская балада”, “Знак бяды”, “Аблава”. Многія яго творы былі экранізаваныя, а паводле “Альпійскай балады” Яўген Глебаў стварыў аднайменны балет.  



Васіль Быкаў таксама быў заўважнай фігурай у беларускай палітыцы. Яшчэ ў савецкія часы ён абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, а ў 1989 годзе быў абраны дэпутатам з’езду народных дэпутатаў СССР. У 1988 годзе Быкаў стаў адным з заснавальнікаў БНФ. Ён таксама ўзначальваў беларускі ПЭН-цэнтр і быў прэзідэнтам Аб’яднання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.


Пісьменнік неаднаразова крытыкаваў палітыку Аляксандра Лукашэнкі, у выніку чаго яго творы перасталі выдавацца на радзіме. У 1997 годзе Быкаў з’ехаў за мяжу. Спачатку ён жыў у Фінляндыі, затым пераехаў у Нямеччыну і потым — у Чэхію. У Беларусь ён вярнуўся перад смерцю і правёў на радзіме апошнія некалькі тыдняў свайго жыцця.



Васіля Быкава пахавалі 25 чэрвеня 2003 года, у апошні шлях яго праводзілі каля 40 тысяч чалавек.

Нягледзячы на неаднаразовыя ініцыятывы і прапановы грамадскасці ў Беларусі ні ў адным горадзе Беларусі дагэтуль няма вуліцы, названай у гонар славутага пісьменніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі