1 студзеня ў Оршы адкрыюць “капсулу часу”. Але гэта не дакладна

1 студзеня ў Оршы адкрыюць “капсулу часу”. Але гэта не дакладна

1 студзеня ў Оршы мусяць адкрыць “капсулу часу”, закладзеную ў 1969 годзе. Дата, калі пасланне, складзенае 50 гадоў таму, мусіць быць вынятае з падмуркаў будынка райвыканкама, выбітая тут жа на памятнай шыльдзе. Але аршанскія ўлады збіраюцца парушыць запавет камуністычных продкаў і адкрыць капсулу ўлетку — на дзень горада.

У райвыканкаме Еўрарадыё супакойваюць: у 2019-м капсулу дакладна адкрыюць. Але калі?

“Не магу вам адказаць на гэтае пытанне, — кажа Еўрарадыё начальнік аддзела ідэалогіі і па справах моладзі Алена Русакова. — Пытанне яшчэ разглядаецца. Адкрываць, вядома, будзем, але, калі, каб гэта было масава, святочна, — пытанне прапрацоўваецца. Плануецца нарада”.  

БССР была абвешчаная ў Смаленску 1 студзеня 1919 года. У студзені 1969 годзе Орша разам з усёй рэспублікай адзначала 50-годдзе ўтварэння БССР. Тады ж было складзенае пасланне нашчадкам. Ці маглі яны ўявіць, што ў 2019 годзе ў Беларусі не будзе ніякага камунізму, а няўдзячныя нашчадкі вырашаць пратрымаць капсулу ў сцяне лішнія паўгода?

Дарэчы, у 2017 і 2018 гадах “капсулы часу” адкрываліся ў Полацку, Баранавічах, Гомелі і іншых гарадах Беларусі. Прывітанні з мінулага былі прымеркаваныя да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, камсамола, гадавіны вызвалення Беларусі ад фашыстаў.

Але не чакайце ад “капсул часу” нейкіх незвычайных артэфактаў з мінулага. Няхай усё і гучыць вельмі рамантычна, але звычайна пасланне ад продкаў складаецца з некалькіх аркушаў паперы. Камсамольцы і рабочыя, натхнёныя марай пра сусветную рэвалюцыю, распавядаюць пра планы і дасягненні свайго часу. І пра тое, што СССР будзе існаваць вечна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі