Зяленскі загадаў накіраваць падмацаванне ў Бахмут — 377-я раніца вайны

Бітва за Бамут працягваецца / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua
Бітва за Бамут працягваецца / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua

Бітва за Бахмут працягваецца. Расіяне штурмуюць, але яшчэ так і "не акружылі горад і не вымусілі ўкраінскія войскі адступіць", канстатуюць у Інстытуце вывучэння вайны (ISW). Гэта прызнаюць і расійскія крыніцы.

У ISW нагадваюць, што Бахмут не мае істотнага значэння ні ў аператыўным, ні ў стратэгічным плане. "Узяцце Бахмута неабходнае, але недастаткова для далейшага прасоўвання Расіі ў Данецкай вобласці", кажуць экспэрты. Пры гэтым яны адзначаюць, што расійскія войскі ўжо панеслі такія цяжкія страты ў гэтай бітве, што расійская атака, хутчэй за ўсё, дасягне кульмінацыі альбо адразу пасля захопу горада, альбо яшчэ раней.

Акрамя таго, Бахмуцкая бітва "можа сур'ёзна аслабіць лепшыя сілы групы "Вагнера", пазбавіўшы Расію некаторых з яе найбольш эфектыўных і найбольш цяжка замяняемых ударных частак", лічаць у ISW. І фінансіст "Вагнера" Яўген Прыгожын гэта, здаецца, разумее. Днямі ён зрабіў некалькі гучных заяваў. Казаў пра тое, што міністэрства абароны Расіі (МО) вядзе бітву за Бахмут да апошняга байца "Вагнера". Прыгожын прасіў боепрыпасы і сцвярджаў, што калі Вагнер не атрымае падмацавання і блакада Бахмута прарвецца, па сутнасці, усё будзе страчана.

Тым часам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна пакуль працягне абараняць Бахмут. Ён загадаў накіраваць падмацаванне на гэты ўчастак фронту. Рашэнне было прынята пасля сустрэчы з украінскім галоўнакамандуючым генералам Валерыем Залужным і камандуючым сухапутнымі войскамі Украіны генерал-палкоўнікам Аляксандрам Сырскім. Пра гэта Зяленскі распавёў у традыцыйным відэазвароце.

А яшчэ ён казаў пра тое, што ўкраінскія ўлады абавязкова знойдуць людзей, якія расстралялі ўкраінскага палоннага з-за слоў "Слава Украіне!". "Мы знойдзем забойцаў", — сказаў Зяленскі і дадаў, што Украіна прымусіць акупантаў "адказаць за кожны стрэл супраць Украіны і кожную подласць супраць украінцаў".

"Калі зможам юрыдычна — значыць юрыдычна, зброяй — значыць зброяй", — падкрэсліў украінскі прэзідэнт.

Што тычыцца сітуацыі на іншых участках фронту, то расіяне па-ранейшаму вядуць наступальныя дзеянні таксама на Купянскім, Ліманскім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках. За мінулыя суткі ўкраінскія вайскоўцы адбілі тут, а таксама ў раёне Бахмута больш за 140 нападаў праціўніка. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

Расіяне зноў выкарыстоўвалі ўдарныя беспілотнікі. З 11 запушчаных "Шахедаў" 9 атрымалася збіць. "Таксама захопнікі здзейснілі 59 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, у тым ліку па населеных пунктах", адзначаюць украінскія вайскоўцы.

Адна з нападаў з ужываннем беспілотнікаў прыйшоўся на Сумскую вобласць. У вёсцы Грабоўскае Краснапольскай грамады два расійскія квадракоптары скінулі ў двор двухпавярховага дома 17 боепрыпасаў. У выніку выбуху ў доме вылецелі шыбы, пашкоджанні атрымалі два аўтамабілі. А ўсяго ў Сумскай вобласці за мінулыя суткі было зафіксавалі 59 прылётаў. Расіяне рэгулярна абстрэльваюць Сумшчыну, хоць адступілі з яе вясной 2022 года.

Зеленский приказал направить подкрепление в Бахмут — 377-е утро войны в Украине
Ратавальнікі ліквідуюць наступствы абстрэлу Краснапольскай грамады ў Сумскай вобласці 3 сакавіка / @dsns_sumy

Расія імкнецца дыскрэдытаваць Украіну як атрымальніка зброі перад парнерамі і сарваць мабілізацыю, мяркуе намесніца міністра абароны Ганна Маляр.

"Бо зброя і людзі, якія яе ўжываюць, — гэта тое чаго вораг больш за ўсё баіцца", — патлумачыла мэта гэтых кампаній прадстаўніца ўкраінскага Мінабароны. Яна звярнулася з просьбай крытычна ацэньваць любую інфармацыю з неафіцыйных крыніц і правяраць яе дакладнасць.

Літва фармуе новы пакет дапамогі Украіне. Пра гэта заявіў міністр абароны Літвы Арвідас Анусаўскас на сустрэчы з першым намеснікам міністра абароны Украіны Аляксандрам Паўлюком.

"Урокі, атрыманыя ва Украіне, дапамагаюць нам мэтанакіравана развіваць нашы ваенныя магчымасці. Мы таксама займаем цвёрдую пазіцыю падтрымліваць Украіну ўсімі нашымі магчымасцямі і рыхтуем новы пакет падтрымкі для Украіны", — сказаў падчас сустрэчы Анусаўскас. Літва ўжо прадаставіла Кіеву ваенную дапамогу на суму амаль 409 мільёнаў еўра. Значную яе частку складае ваенная падрыхтоўка байцоў УСУ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі