Зяленскі верыць у мір у наступным годзе — 288-я раніца вайны

Уладзімір Зяленскі / @V_Zelenskiy_official

Колькасць ахвяр ў горадзе Курахава Данецкай вобласці вырасла да 10. Многія атрымалі раненні. Аб гэтым у традыцыйным відэазвароце казаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Расіяне ўчора абстралялі горад з рэактыўных сістэм залпавага агню. Трапілі па рынку, аўтастанцыі, запраўцы і жылых дамах, першапачаткова паведамлялася аб 8 загінуўшых.

"Расійская армія нанесла ўдар па Курахава, вельмі жорсткі, абсалютна пралічаны. Менавіта па мірным людзям. Па звычайным людзям", — сказаў Зяленскі.
Украінскі прэзідэнт таксама казаў аб сітуацыі на фронце. Паводле яго слоў, па стане на 7 снежня украінскім вайскоўцам удалося вызваліць ад расійскай акупацыі ўжо 1888 населеных пунктаў.

"Яшчэ амаль столькі ж украінскіх гарадоў і вёсак застаюцца ў акупацыі", — адзначыў ён. Зяленскі падкрэсліў, што Украіна "не мае права пакінуць ніводнага нашага чалавека ў расійскай акупацыі": ні ў расійскіх фільтрацыйных лагерах, дзе ўжо зніклі без вестак тысячы, ні на расійскай тэрыторыі, куды дэпартавалі сотні тысяч украінцаў.

А ў заяве для выдання Politicо Зяленскі сказаў, што верыць у мір у наступным годзе. Politico прызнала ўкраінскага прэзідэнта самым уплывовым чалавекам у Еўропе. "Я веру, што ўкраінцы будуць самымі ўплывовымі і ў наступным годзе, але ўжо ў мірны час", — сказаў Зяленскі.

Сваё рашэнне назваць Зяленскага самым уплывовым чалавекам Еўропы Politico тлумачыць так: "Еўропа мяняецца. Кантынент пераацэньвае свае стратэгічныя адносіны, становіцца больш сур'ёзным у дачыненні да абароны, пераасэнсоўвае гандлёвую палітыку, а таксама палітыку ў галіне пашырэння і энергетычнай бяспекі. У шырокім сэнсе, ён пераасэнсоўвае, што наогул азначае быць еўрапейцам — і ў значнай ступені гэта адбываецца дзякуючы ўкраінскаму коміку, які стаў прэзідэнтам".

Тым часам расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін напярэдадні казаў аб тым, што ваенныя дзеянні ва Украіне могуць стаць "доўгім працэсам". Гэтую заяву ён зрабіў на пасяджэнні Савета па правах чалавека. У Інстытуце вывучэння вайны (ISW) звярнулі ўвагу на тую частку прамовы Пуціна, дзе ён параўноўвае сябе з царом Пятром I — Пуцін казаў, што Расія цяпер кантралюе Азоўскае мора, за якое таксама змагаўся Пётр. "Гэты зварот да гісторыі расійскай імперыі недвухсэнсоўна характарызуе цяперашнія мэты Пуціна ва Украіне як адкрыта імперыялістычныя і ўсё яшчэ максімалісцкія", — адзначаюць эксперты Інстытута. Расійская аўдыторыя працягвае "імкнуцца да захопу дадатковых украінскіх тэрыторый", і такімі параўнаннямі Пуцін рыхтуе расіян да зацяжной, знясільваючай вайны.

Эксперты Інстытута таксама звярнулі ўвагу, што Расія ўчора ўпершыню за апошнія тры тыдні выкарыстала іранскія дроны-камікадзэ. "Расійскія сілы, верагодна, мадыфікавалі дроны для прымянення ва ўмовах больш халоднага надвор'я і, хутчэй за ўсё, у бліжэйшыя тыдні ўсё часцей будуць іх выкарыстоўваць для ўдараў па ўкраінскай крытычнай інфраструктуры", — лічаць у ISW.

Аб сітуацыі на фронце. Расійскія крыніцы сцвярджаюць, што расійскія войскі перайшлі ў наступ на Ліманскім ўчастку пад Краснапопаўкай (гэта ў раёне Крамянной Луганскай вобласці), адціснулі "праціўніка з занятых рубяжоў". А яшчэ кажуць, што ўсталявалі кантроль над вёскай Якаўлеўка ў раёне Салядара (гэта Бахмуцкі раён Данецкай вобласці).

У Інстытуце вывучэння вайны таксама пішуць, што расійскія войскі ўчора працягнулі наступальныя аперацыі ў раёнах Бахмута і Аўдзееўкі-Данецка, а таксама, верагодна, нарошчвалі тэмпы сваіх контратак ва ўсходняй частцы Харкаўскай і заходняй частцы Луганскай абласцей.

Карта баёў 7 снежня 2022 года / understandingwar.org

Украіна просіць у ЗША касетныя боегалоўкі для РСЗА, але Белы дом пакуль не гатовы іх даваць, паведамляе CNN са спасылкай на свае крыніцы. Выданне адзначае, што просьбы аб касетных боезарадах – адны з самых неадназначных за ўвесь час вайны. Пры гэтым Кіеў просіць аб такой дапамозе ўжо некалькі месяцаў. Па дадзеных CNN, Вашынгтон цалкам не выключае, што такія пастаўкі могуць адбыцца ў будучыні, але лічыць іх крайняй мерай. Гэта можа адбыцца толькі ў выпадку небяспечнага знясілення ўкраінскіх запасаў.

Касетная зброя забаронена Міжнароднай канвенцыяй, прынятай у 2010 годзе, аднак ні Украіна, ні ЗША, ні Расія да яе не далучыліся. Акрамя таго, у ЗША існуе абмежаванне на перадачу такой зброі за мяжу — яно было ўведзена Кангрэсам.

У Харкаве ўчора ўсталявалі галоўную навагоднюю ялінку — але не Плошчы Свабоды, як звычайна, а ў метро на станцыі "Універсітэт". Яе вышыня складае 5,5 метраў. Пра гэта паведамілі ў Харкаўскім гарадскім савеце.

"Ідзе вайна, і ўсталёўваць ёлку на плошчы Свабоды, як мы гэта рабілі заўсёды, недарэчы. Таму мы ўсталявалі яе ў метрапалітэне. Гэта бяспечна", — заявіў гарадскі галава Ігар Церахаў. У метро таксама адбудуцца навагоднія мерапрыемствы для дзяцей, а яшчэ — невялікі канцэрт. Уваход бясплатны.

Навагодняя ялінка ў Харкаўскім метро / @KharkivTODAY1

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.