Зяленскі кажа, што не зачыніў дзверы для перамоваў, але гэтага не хочуць у РФ

Уладзімір Зяленскі / @V_Zelenskiy_official
Уладзімір Зяленскі / @V_Zelenskiy_official

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі кажа, што не адмаўляецца ад перамоваў, гатовы да іх, але пры ўмове, што Расія сур'ёзна настроена спыніць гэтую вайну. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю CNN.

"Я не зачыніў дзверы. Я сказаў, што мы гатовыя размаўляць з Расіяй, але з іншай Расіяй. Той, якая па-сапраўднаму гатовая да міра, той, якая гатовая прызнаць сябе акупантам, той, якая гатовая пакрыць нанесеную шкоду нашаму народу", — сказаў Зяленскі. Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе не аб грошах. Расіяне "павінны вярнуць усё: землі, правы, свабоды, грошы і, галоўнае, справядлівасць бацькам, якія страцілі сваіх дзяцей. Грошы — не прыярытэт".

На яго думку, цяперашнія расіяне не хочуць завяршэння гэтай вайны. Інакш спрабавалі б паўплываць на Крэмль і Уладзіміра Пуціна. Расійскі прэзідэнт, на думку Зяленскага, "можа быць стаміўся ад жыцця агулам праз свой узрост, але ён дакладна не стаміўся ад вайны". Цяпер расіянам патрэбна толькі паўза у актыўных баявых дзеяннях. Нельга жадаць міру толькі на словах, кажа Зяленскі.

"Слоў мала. Спыніце вайну, выведзіце войскі, перастаньце забіваць людзей, пачніце кампенсаваць нанесеную шкоду ... злачынцы павінны сесці. Слоў занадта мала", падкрэсліў Зяленскі.

На днях у заходняй прэсе з'явілася інфармацыя, што ЗША ў канфідэнцыйным парадку заклікалі Кіеў прадэманстраваць гатоўнасць да перамоваў. Аб гэтым, у прыватнасці, пісала The Washington Post. Зяленскі пазней зняпраўдзіў гэтыя сцвярджэнні і заявіў, што ўмовы перамоваў не мяняюцца — яны могуць адбыцца толькі ў тым выпадку, калі Расія адмовіцца ад усіх акупаваных тэрыторый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі