ЗВР Беларусі за снежань зноў знізіліся
Нацыянальны банк Беларусі / Еўрарадыё
За снежань золатавалютныя рэзервы Беларусі знізіліся на паўпрацэнта, або на 44,1 млн долараў ЗША, паведамілі ў Нацыянальным банку краіны. Нагадаем, у лістападзе ЗВР таксама праселі — амаль на працэнт або на 80,7 млн. даляраў ЗША.
Тым не менш на 1 студзеня 2022 года міжнародныя рэзервовыя актывы краіны склалі 8 млрд 425 млн долараў ЗША (у эквіваленце) пры парозе, усталяваным Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі, не менш за 6 млрд.
І за год ЗВР прыкметна павялічыліся — на 12,8%, або 956,5 млн долараў ЗША.
У Нацбанку растлумачылі, што рост рэзервовых актываў у мінулым годзе забяспечылі купля Нацыянальным банкам замежнай валюты, размеркаванне спецыяльных правоў запазычання МВФ, паступленне замежнай валюты ў бюджэт, а таксама прыцягненне знешніх дзяржаўных пазык і рост кошту манетарнага золата.
Пры гэтым, нагадалі ў ведамстве, у мінулым годзе Беларусь выплаціла каля 3,1 млрд долараў ЗША па знешніх і ўнутраных абавязаннях. У тым ліку ў снежні на гэтыя мэты было выдаткавана 220 млн долараў ЗША.
Мяркуецца,што паводле вынікаў гэтага года — на 1 студзеня 2023 года — ЗВР мусяць скласці не менш за 7,0 млрд долараў ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.