Зручнае месца для нападу на Літву і Польшчу: эксперт — пра Сувалкаўскі калідор

Вучэнні НАТА / NATO
Вучэнні НАТА / NATO

Сувалкаўскі калідор — вузкая паласа тэрыторыі даўжынёй каля 100 кіламетраў, якая праходзіць па польскай і літоўскай мяжы і злучае Калінінградскую вобласць Расіі і Беларусь. Гэта месца ў СМІ называюць магчымым пунктам пачатку Трэцяй сусветнай: калі расійскія і беларускія войскі злучацца, яны адрэжуць краіны Балтыі ад Еўропы.

"Новая газета — Балтия" пабывала на стыку трох краін, паразмаўляла з літоўскім ваенным экспертам і мясцовымі жыхарамі на польскім баку. Яны, як выявілася, не моцна занепакоеныя магчымымі ваеннымі дзеяннямі.

Пасля нападу Расіі на Украіну СМІ зноў загаварылі пра так званы Сувалкаўскі калідор. Але калі паглядзець на карту, то знайсці яго размяшчэнне не так проста. Доктар гістарычны навук, ваенны эксперт, а таксама камандзір 4-га рэгіянальнага камандавання "Саюза стралкоў Літвы" Эгідзіюс Папечкіс растлумачыў "Новой газете — Балтия", што ўяўляе з сябе Сувалкаўскі калідор і якія стратэгічныя асцярогі ён выклікае.
 

Пра што гаворка?

Сувалкаўскі калідор — гэта вузкая паласа тэрыторыі даўжынёй каля 100 кіламетраў, якая праходзіць па польскай мяжы і злучае Калінінградскую вобласць Расіі і Беларусь. Па гэтым "калідоры" праходзіць разгалінаваная сетка дарог, якая дазваляе падтрымліваць жыццезабеспячэнне расійскага паўэксклава і астатняй тэрыторыяй РФ шляхам пастаўкі грузаў.
 

У чым праблема?

Гэты ўчастак ёсць "зручным" месцам для нападу агрэсара на Польшчу і Літву, які дазваляе адрэзаць краіны Балтыі ад Еўропы. Для ваенных экспертаў гэты рэгіён выклікае найбольшыя асцярогі, бо дэ-факта расійскія войскі ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, а беларускую тэрыторыю можна лічыць дадатковай вайсковай акругай Расійскай Федэрацыі.

Удобное место для нападения на Литву и Польшу: эксперт — о Сувалкском коридоре

У выпадку расійскага нападу з боку Калінінградскай вобласці і Беларусі Балтыйскія краіны стануцца цалкам адрэзанымі ад кантынентальнай Еўропы і іншых сябраў НАТА. Для эксперта факт размяшчэння расійскіх войскаў на беларускай тэрыторыі ёсць галоўнай праблемай для бяспекі краін Балтыі і Польшчы.

"Расія можа назапашваць свае войскі і ў выпадку неабходнасці ўдарыць па гэтым стратэгічным рэгіёне, тым самым спыніўшы ўсе зносіны краін Балтыі з Еўропай", — адзначае Папечкіс.

Пра ўразлівасць Сувалкаўскага калідора шмат гаварылі і да пачатку вайны. Так, у 2015 годзе камандуючы сухапутнымі сіламі ЗША ў Еўропе генерал-лейтэнант Бэн Ходжэс заяўляў, што "за вельмі кароткі час беларускія і расійскія арміі могуць аб'яднацца і заблакаваць літоўска-польскую мяжу".

У красавіку 2022-га камандуючы арміяй Літвы генерал-лейтэнант Вальдэмарас Рупшыс расказаў СМІ, што Польшча і Літва падрыхтавалі план сумеснай абароны Сувалкаўскага калідора. Яго дэталі, вядома, не раскрываюцца. Вядома агульная стратэгія: аб'яднанае польска-літоўскае войска павінна пратрымацца да падыходу хаўруснікаў, у першую чаргу войскаў Латвіі і Эстоніі, а таксама тактычных груп НАТА, размешчаных на тэрыторыі балтыйскіх краін. Устаноўленыя размяшчэнне падраздзяленняў, іх манеўры, агнявая падтрымка і супрацьпаветраная абарона.
 

Самы небяспечны пункт

Геаграфічная размешчанасць рэгіёна паміж Калінінградскай вобласцю і "недружалюбнай" Беларуссю як "плацдарма" расійскіх войскаў змушае разглядаць усе магчымыя сцэнары.

Тым не менш Літва "ўжо прывыкла жыць у пастаяннай пагрозе з боку Расіі", адзначае ваенны эксперт.

Паводле яго слоў, з пачаткам вайны жыхары рэгіёна кардынальна не адчулі змен, і "страху больш не стала".

Удобное место для нападения на Литву и Польшу: эксперт — о Сувалкском коридоре
Пункт перасячэння межаў Літвы, Польшчы і Расіі / Андрэй Вайтовіч / "Новая Газета — Балтия"

"Тым не менш трэба быць гатовым да самых розных сцэнароў: ніхто тут не ведае, як далёка можа пайсці Расія. Шмат хто верыў крамлёўскай прапагандзе пра "самае магутнае войска" ў свеце, аднак на справе відаць, што ў гэтага войска сур'ёзныя праблемы з тэхнікай. Упершыню ў гісторыі расійскае войска сутыкнулася з праблемай "гарматнага мяса", — дадае Папечкіс.
 

НАТА дапаможа

Эксперт адзначае, што і Літва, і Польшча — гэта сябры НАТА, а НАТА, у сваю чаргу, — "магутная арганізацыя".

"Ёсць крытыка, што арганізацыя не дапамагае Украіне. Трэба разумець, што НАТА зусім не дапамагае Украіне, ёй дапамагаюць іншыя краіны, якія ёсць сябрамі арганізацыі. Сама арганізацыя заснавана для таго, каб абараніць канкрэтную тэрыторыю і краіны, якія ў яе ўваходзяць. Вера ў НАТА ёсць", — кажа Папечкіс.

Ён дадае, што альянс можа хутка перакінуць свае войскі і адэкватна рэагаваць на магчымыя неадэкватныя дзеянні Расіі.

"Калі пры вучэннях "Захад" Расія нарошчвала свае сілы, НАТА ў адказ таксама ўзмацняла сваю прысутнасць — для гэтага і існуе прынцып калектыўнай абароны. Літва — маленькая краіна, таму ў 1994 годзе літоўскае грамадства, усе палітычныя партыі дасягнулі кансэнсусу пра неабходнасць уступлення ў Паўночнаатлантычны альянс. Толькі гэта ёсць сёння гарантыяй бяспекі Літвы. Было шмат зроблена для гэтага, каб Літва магла стаць сябрам НАТА ў 2004 годзе", — адзначае ваенны эксперт.

Пры гэтым Украіна ў дзевяностыя выбрала, на думку Папечкіса, няправільны шлях, і літоўцы разумелі гэта яшчэ тады. "Украінцы верылі, што можна сябраваць з Расіяй, вядома, з Расіяй можна сябраваць, але толькі не з тым рэжымам, які быў усталяваны ў 2000 годзе. Цяпер Украіна дорага плаціць за гэтую памылку", — кажа эксперт.
 

Тэрытарыяльная абарона

Арганізацыя "Саюз стралкоў Літвы" займаецца тэрытарыяльнай абаронай. Хоць яна і не становіць альтэрнатывы Узброеным сілам Літвы, але патэнцыял гэтай арганізацыі заключаецца ў дапаможнай сіле рэгулярнаму войску.

"Гэта людзі на сваёй зямлі. Мы самі ведаем наш дом, гэта наша зона адказнасці, і ўсе нашы задачы, правы і абавязкі прапісаны ў законе, які прыняў парламент краіны яшчэ ў 1997 годзе", — расказвае Папечкіс.

Камунікацыя з польскім бокам таксама ёсць, але не ў вайсковым сэнсе. Што да Расіі, то да вайны і з гэтай краінай развіваліся рэгіянальныя праекты.

"Дзякуючы спецыяльным фондам Еўрапейскага саюза развіваюцца рэгіянальныя адносіны — не ў вайсковым сэнсе, зразумела. Што характэрна, Расія таксама ўдзельнічала ў гэтых праграмах, атрымлівала фінансаванне, праводзіла свае праекты і ўсе былі да гэтага адкрытыя. Еўропа адкрытая да такіх адносін, тут дэмакратыя, прэзідэнтаў выбіраюць. Калі б не было цяперашняга рэжыму ў Расіі, зносіны працягваліся б і далей, развівалі б свае праекты. Калі б Крэмль не праводзіў сваю агрэсіўную палітыку, літоўцы маглі б выдатна і дружалюбна жыць з Калінінградскай вобласцю", — адзначае эксперт.
 

Магчымыя сцэнары

Украіна змагаецца і Украіна пераможа, упэўнены эксперт, хоць гэта будзе цяжка.

"Сёння ўжо цяжка ўявіць, што будуць нейкія перамовы, якія дазволяць за сталом адсунуць сітуацыю, якой яна была да 24 лютага. Мір будзе вельмі цяжкі. Што да Літвы, тут разумеюць, што Захад вельмі адказна глядзіць на гэтую праблему, а Расія пабойваецца Захаду. Расія як агрэсар можа прыкрыцца толькі ядзерным парытэтам і здольная выжыць толькі дзякуючы пагрозам ядзернай вайной. Але яна сама загнала сябе ў кут і сядзіць за плотам. Расіі цяпер дапамагае толькі яе велізарная тэрыторыя і недэмакратычныя краіны вакол яе", — мяркуе Папечкіс.

Удобное место для нападения на Литву и Польшу: эксперт — о Сувалкском коридоре
Эгідзіюс Папечкіс / Андрэй Вайтовіч / "Новая Газета — Балтия"

Ён дадае, што пасля нападу Расіі на Украіну ўсе сцэнары здаюцца рэальнымі: "Калі ідзе кананада артылерыі, заўсёды можа здарыцца нешта, чаго нельга будзе прадухіліць".

Пры гэтым ваенны эксперт дадае: калі нешта здарыцца, тут да гэтага гатовыя.

"За 30 гадоў Літва шмат чаго дасягнула. Калі я гляджу расійскія форумы і сацыяльныя сеткі, Я бачу, што яны бачаць нас, літоўцаў, нейкімі не такімі", — расказвае Эгідзіюс Папечкіс.

"Але тут звычайныя, нармальныя людзі, якія хочуць добра жыць, зарабляць, выгадаваць дзяцей, даць дзецям адукацыю, працу — гэта тое, што мы заўсёды будзем абараняць", — кажа эксперт.

Сёння Папечкісу няма чаго сказаць звычайнаму грамадзяніну Расіі. Ён лічыць, што ніхто не зможа вырашыць іх праблему. Калі грамадзяне Расіі хочуць вярнуць той шанец, які з'явіўся ў іх у 1991 годзе, то яны павінны пастаяць за свае правы самі.

Пры падтрымцы "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі