Вы тут

"Зразумеў, як трапіў у пастку": Аляксандр Фядута даслаў першы ліст з-за кратаў

Аляксандр Фядута / Еўрарадыё

30 красавіка Марына Шыбко, жонка затрыманага па справе аб "замаху на Лукашэнку" палітолага Аляксандра Фядуты, атрымала першы ліст ад яго. "Ён усе разумее: куды трапіў і што адбылося. А так — лiст пра каханне", — піша жанчына на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".

Па словах Шыбко, на двух аркушах няма нічога, што б закрэсліў цэнзар. Яна звязвае гэта з тым, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Фядута ўжо знаходзіўся за кратамі працяглы час і цяпер ведае, што можна пісаць а што не, і ўвогуле як што пісаць.

У каментары радыё "Свабода" Марына Шыбко сказала, што з 12 красавіка, калі Аляксандр Фядута быў затрыманы, яна паспела адправіць яму тры лісты. Але адказ прыйшоў толькі адзін. У ім палітолаг не піша, ці атрымлівае ўвогуле лісты "з волі".

Што да зместу ліста, дык, па словах Шыбко, там шмат асабістага. Таксама Фядута піша пра прагулку: "Сёння на шпацыры паўгадзіны глядзеў на неба. Сіняе-сіняе і белыя аблокі, прыгожа. Сёння 26 красавіка", — цытуе яна. 

"Зразумеў, як трапіў у пастку. Астатняе — асабістае. Шле прывітанні", — дадае Марына Шыбко.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.