Зняць аднапакаёўку ў Сухарава падчас чэмпіянату — 250 долараў за суткі!

Для еўрапейцаў арэнда дарагаватая.

Месцы ў гатэлях да чэмпіянату свету забраніравалі, як высвятляе Еўрарадыё, “даўно”: ў дзвюх гасцініцах з шасці месцаў няма.

Тэлефануем арэндадаўцам кватэр на суткі, кошт якіх пачынаецца з 45 долараў.

Уладальніца некалькіх кватэр Анжэла прапаноўвае адразу некалькі варыянтаў.

 “А якая вам патрэбная кватэра? Вы хочаце аднапакаёўку? Глядзіце, яны будуць каштаваць у раёне 150-180 долараў за суткі. На гэты перыяд ідзе трайны тарыф, бо вельмі вялікі попыт! Вельмі вялікі, але аднапакаёвыя кватэры пакуль ўсе вольныя”.

Анжэла дадае, што на больш доўгі перыяд будзе дзейнічаць двайны тарыф, і запэўнівае, што “кошты як ва ўсіх” і шукаць танней сэнсу няма.

“Мы не хочам вас падмануць, гэта будуць такія кошты. Некаторыя пішуць, што будзе і 700 долараў за суткі! Бог іх ведае, дзе яны бяруць такія кошты. Але калі ёсць магчымасць падзарабіць, чаму б і не?” — з логікай жанчыны цяжка не пагадзіцца.

Па словах Анжэлы, такія кошты расіян быццам бы не палохаюць, але для еўрапейцаў …дарагавата.

 “Еўрапейцы яны больш скупыя. Еўрапейцы пішуць, цікавяцца, але для іх гэта дарагавата. Ды і да нас яны чамусьці баяцца ездзіць, думаюць у нас тут мядзведзі з балалайкамі па вуліцах ходзяць і грошай нельга пры сабе многа трымаць, а прыязджаюць і кажуць, што ў нас добра”, — жанчына заўважае, што сэрвіс іх кватэр падыдзе пад самы патрабавальны густ — пральныя машыны ёсць, “хоць і не ва ўсіх кватэрах”, мікрахвалёўкі, еўрарамонт і ад метро “ўсяго ў пяці прыпынках”.

Двухпакаёўку на плошчы Перамогі мне прапаноўваюць на суткі за 200 долараў, аднапакаёўка ля метро "Плошча Якуба Коласа" — за 150.

“Двухпакаёўка ёсць на Машэрава, за 200. За гэту суму ўжо ўсё распісана! Яшчэ ёсць аднушка за 150 на Якуба Коласа. Там кватэра невялікая і ёсць надзіманы ложак”, — прапануе чысты беларускі сэрвіс яшчэ адна арэндадаўца Наталля, якая дадае, што ўсе кватэры — яе ўласнасць.

Падлічваем, што за час чэмпіянату свету па хакеі гаспадары заробяць каля 3000 долараў! Уладальнікі кватэр як адзін упэўніваюць, што месцаў не так і шмат засталося, і трэба паспець з перадаплатай.

Але і гэта не мяжа коштаў. Яшчэ адзін уладальнік кватэр ля метро "Пушкінская" і "Каменная горка" прапаноўвае “бюджэтны” варыянт.

“Аднапакаёўка — 250 долараў за суткі на Лабанка. Ад метро — 5 хвілін. Там ёсць вялікая канапа, ды на кухні таксама стаіць канапа, але кухня 14 метраў, таму можна спаць і там”, — упэўнівае мяне Яўген.

Кватэры бліжэй да цэнтра быццам бы ўжо занятыя, і ўслых іх кошт іх арэндадаўцы нават “страшна назваць”!

Цікава, што многія прадпрымальнікі, якія здаюць кватэры, з коштам на час чэмпіянату свету яшчэ не вызначыліся — будуць маніторыць сітуацыю і трымаць руку на пульсе.

 “Ой, пакуль яшчэ на май не бранірую, пачнём толькі ў красавіку. Бо кошт пакуль не вядомы. Калі глядзець на Новы год, там за два тыдні пачыналі браніраваць. А што будзе ў траўні? Ну, мы кошты заламваць не будзем, двайнога кошту дакладна не будзе”, — кажа Алена, ўладальніца кватэр на Леніна ды Карла Маркса. Сёння яе апартаменты каштуюць 80-140 долараў.

Цікава, што на сайце booking.com самы танны варыянт арэнды на 16 начэй ў пакоях у 10 кіламетрах ад Мінска каштуе 21 мільён, а самы дарагі пакуль што — 107 мільёнаў у катэджы ў Бараўлянах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі