Зніклая дзяўчынка - не беларуска, а расіянка, і яна ўжо знайшлася

Пра гэта заявіў амбасадар Беларусі ў Італіі Аляксей Скрыпко.

Напярэдадні афіцыйныя італьянскія СМІ распаўсюдзілі інфармацыю пра знікненне на поўдні краіны ў горадзе Бары 15-гадовай беларускай дзяўчынкі-сіраты.
Яшчэ ў пятніцу 22 чэрвеня яна папярэдзіла прыёмных бацькоў, што пойдзе на шпацыр з сябрамі, але так і не вярнулася дахаты. Еўрапейскае радыё датэлефанавалася да амбасадара Беларусі ў Італіі Аляксея Скрыпко, які паведаміў, што дзяўчынка знайшлася.

“Мы аператыўна звязаліся з карабінерамі Бары, з італьянскімі гуманітарнымі асацыяцыямі, якія традыцыйна прымаюць нашых дзяцей і, вядома, з кампетэнтнымі італьянскімі органамі, якія адказваюць за знаходжанне нашых дзяцей у Італіі. Высветлілася, што гэта расійская дзяўчынка з горада Калуга, ёй 15 гадоў. У панядзелак прыкладна ў 18.00 па беларускім часе дзяўжынку знайшлі”

Па словах спадара Скрыпко, асноўная група сірот яшчэ не прыехала ў Італію, але на дадзены момант у краіне знаходзіцца ўжо каля 3-4 тысяч беларускіх дзяцей. У сувязі са знікненнем расіянкі наша амбасада праверыла наяўнасць беларусаў.

“Мы праверылі сітуацыю з беларускімі дзецьмі, якія цяпер знаходзяцца на аздараўленні ў Італіі, у тым ліку на поўдні краіны. Усё ў парадку. Прычын для клопатаў няма”

Нагадаем, Італія і Беларусь 10 траўня падпісалі дамову аб усынаўленні дзяцей, якая вызначае іх юрыдычны статус падчас знаходжання ў краіне. Часовая забарона на аздараўленне ў Італіі беларускіх дзяцей была ўведзена ўладамі нашай краіны пасля нашумелай гісторыі з Вікай Мароз, выхаванкі дзіцячага дома ў Вілейцы, якую італьянская сям'я ўтрымлівала ў сябе і адмаўлялася вярнуць на радзіму. Вынікам падпісання італьянска-беларускай дамовы, якой чакалі шматлікія італьянскія сем'і, стала аднаўленне праграм па часовым прыняцці і ўсынаўленню маленькіх беларусаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі