Вы тут

Знаёмая хлопца з бензапілой: Ён казаў пра нейкі план на выпадак адлічэння з ВНУ

Еўрарадыё выйшла на добрую знаёмую Улада К., які атакаваў ГЦ “Еўропа” з бензапілой і падазраецца ў забойстве. Падазраваны тэлефанаваў дзяўчыне на пачатку кастрычніка і скардзіўся на тое, што яго выключаюць з універсітэта.

“У яго былі праблемы з вучобай, ён раіўся, як іх выправіць. На пачатку навучальнага года прапусціў чатыры дні. Праз нейкі час прапусціў яшчэ тыдзень, не схадзіў да ўрача, не меў даведкі пра хваробу. Але напрыканцы размовы ён сказаў, што адлічэнне яго моцна не турбуе, бо ў яго ёсць свой план. Гэта гучала дзіўна, але ў ім заўжды былі нейкія дзівацтвы”, — узгадвае дзяўчына пра апошнюю тэлефонную гутарку з Уладам.

Еўрарадыё: Як даўно вы з ім знаёмыя? Ён ствараў уражанне небяспечнага чалавека?

Знаёмая К.: Ведаю яго два гады. Чалавек ён дзіўны. Не любіць людзей, не любіць сябе. Яму не падабаецца яго знешнасць. Часам ён падазрона жартаваў. Пра тое, што забіў бы каго-небудзь, што не любіць людзей. Але агрэсіі ні да каго не паказваў, канфліктаў з ім не было. Ён быў вельмі замкнёным чалавекам і не меў сяброў. Часта наўмысна так жартаваў напаказ. Ведаю, што ў школу №27 ён насіў з сабой пярцовыя спрэі. Для чаго, я не ведаю. Для бяспекі ці наадварот. Каб ён іх выкарыстоўваў, я не чула. Але перад аднакласнікамі дэманстраваў напаказ.

Еўрарадыё: Мяркуючы па відэа, Улад — высокага росту, і некаторыя наведвальнікі ГЦ “Еўропа” палічылі, што ён фізічна моцны мужчына, чаго не падумаеш пра 17-гадовага хлопца.

Знаёмая К.: Мне здаецца, рост у яго ніжэйшы за 180 см. Высокі, але не надта. Ён хадзіў у залу, займаўся спортам. Хударлявым яго дакладна не назавеш.

Еўрарадыё: На ўзроўні чутак з’явілася інфармацыя, што падазраваны жыў адзін, бо яго маці і сястра з’ехалі ў Германію

Знаёмая К.: Дзесьці год таму сястра з’ехалася з хлопцам. Яго мама лётае ў Германію, таму што ў іх там дом. Улад таксама, здаралася, лётаў у Германію. Мама ў асноўным, наколькі мне вядома, жыве разам з ім. Бацька жыве асобна ў пасёлку. Улад да яго часам прыязджаў і дапамагаў па гаспадарцы. Чахол у яго таксама з’явіўся не выпадкова. Ён граў на акустычнай гітары.

Еўрарадыё: То бок канфліктаў з маці ва Улада не было?

Знаёмая К.: Мама яго вельмі любіць, заўжды бегае за ім. Яна верніца, а ён атэіст. Але ў цэлым у іх адносіны нібыта былі нармальныя. Маці, здаецца, нідзе не працавала, дзе яны бралі грошы, я не ведаю. Улад мог сам сябе забяспечваць. Я не ведаю, праўда, як ён зарабляў. Але казаў, што сам аплачваў рэпетытараў перад паступленнем. 

Еўрарадыё: Ці быў ён аматарам камп’ютарных гульняў?

Знаёмая К.: Не, гэта не яго. І ноўтбук у яго з’явіўся нядаўна. Ён не гуляў ні ў якія гульні. І нават у сацыяльных сетках амаль ніколі не сядзеў. Была ў яго старонка, але ён яе даўно выдаліў, там няма ніякай інфармацыі.

Восьмага кастрычніка каля 17.30 вечара 17-гадовы хлопец зайшоў у гандлёвы цэнтр “Еўропа”. З чахла ад гітары, як паведамляюць праваахоўнікі, ён дастаў бензапілу, якой нанёс смяротныя траўмы 43-гадовай жанчыне. Яшчэ ў чахле нападніка была сякера, якой ён параніў дзвюх іншых жанчын сярэдняга веку. Казакевіч хадзіў па гандлёвым цэнтры ў лыжнай масцы і ў гукаахоўных навушніках. Яго скруцілі іпэшнікі і наведвальнікі ГЦ “Еўропа”. Праз некалькі хвілін на месца трагедыі прыехала міліцыя. Паводле інфармацыі з праваахоўных органаў, затрыманы расказаў, што хацеў “парубіць людзей”.