Зміцер Вайцюшкевіч ладзіць сямейны канцэрт на 1000 чалавек

Як паабяцаў сам музыка, гэта будзе канцэрт напоўнены вясной, каханнем і прагай жыцця. Ён будзе падобны на сапраўднае сямейнае свята, праўда, гэтым разам без запрошаных выступоўцаў. Па словах Змітра, яго публіка крыўдзіцца, калі на сцэне з'яўляецца яшчэ нехта. Апроч старых песень WZ-ORKIESTRA рыхтуе і некалькі прэм'ер.

Зміцер Вайцюшкевіч: "Па-першае, будзе выконвацца "Дамініка", будуць выконвацца іншыя песні з гэтых акцый, бо "Дамініку" мы ніколі не запісвалі, яна сама пайшла па ўсёй Беларусі і жыве сваім жыццём, і шмат дзе людзі просяць спяваць гэтую песню. Будуць нейкія прэм'еры, але я нічога пакуль не скажу. Зараз асноўная філасофія – не падманваць людзей тым, што зараз будзе супергук, суперсвятло і гэтак далей. Будзе нармальны канцэрт да 8 сакавіка, так як гэта па хатах робяць. Сямейнае свята, толькі на тысячу чалавек".

Нагадаем, што папярэднія выступы Змітра Вайцюшкевіча, прысвечаныя святу 8 сакавіка, суправаджаліся рознымі акцыямі. Да прыкладу, ў 2009-м годзе паэт Уладзімір Някляеў і Зміцер Вайцюшкевіч выбралі "Жаночае імя Беларусі" і напісалі песню-прысвячэнне. Дарэчы, перамагло тады імя Дамініка. Гэтым разам падобных акцый Зміцер не ладзіць.

Святочны канцэрт пачнецца 8 сакавіка ў 19.00, квіткі будуць каштаваць ад 20 да 40 тысяч рублёў.

Даведкі па тэл. +375 (29) 6490888.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі