Злотнікаў: На стабільнасць у эканоміцы паўплывала зніжэнне заробкаў

Беларусы сталі менш купляць валюты ў абменніках з-за зніжэння рэальнага заробку і падаражання долара і еўра. Такім чынам, эканаміст Леанід Злотнікаў каментуе выказванні старшыні Нацбанка Паўла Калаўра і прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова аб спакоі на валютным рынку.

“Насельніцтва менш чым за паўгода згубіла больш за 10% рэальнага заробку, яму проста не да валюты! Зразумела, што людзі не купляюць валюту, бо няма грошай, а другі фактар — валюта стала даражэй. А што будзе ў сакавіку — гэта асобнае пытанне, бо вы паглядзіце, колькі прадпрыемстваў стаіць?”, — кажа Леанід Злотнікаў, каментуючы выказванне прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова аб тым, што валютныя інтэрвенцыі Нацбанка для падтрымання курса рубля за першы квартал склалі толькі 40 тысяч долараў. То бок золатавалютныя рэзервы фактычна не былі задзейнічаны.

На думку Леаніда Злотнікава, калі насельніцтва і далей будзе губляць даходы, стабілізацыя магчымая ўжо на фоне агульнага зніжэння ўзроўню жыцця: на фоне нізкага узроўню спажывання, продажу, гэта ўсё ўплывае на попыт на валюту. Але нягледзячы на гэта, беларусам не трэба чакаць нейкага шалёнага зніжэння курса долара да беларускага рубля.

Злотнікаў: “… і дзяржаве, і прадпрыемствам трэба вяртаць пазыкі, у тым ліку знешнюю пазыку. Таму зніжэння попыту на валюту не варта чакаць”.

Леанід Злотнікаў падкрэслівае, што стабільнасць беларускага рубля будзе залежыць яшчэ і ад знешніх пазыкаў. Калі Беларусь возьме крэдыт, будзе далей займацца прыватызацыяй, тады курс долара расці не будзе.

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі