Вы тут

Зінаіда Бандарэнка падтрымала журналістаў, якія сышлі з БТ

Зінаіда Бандарэнка / Еўрарадыё

Легендарная дыктарка Беларускага тэлебачання, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка падтрымала журналістаў, якія сышлі з БТ. 

"Пабачыла інфармацыю пра тое, што цэлая група тэлевядоўцаў звольнілася з розных тэле- і радыёканалаў. Мае дарагія, хачу звярнуцца да вас усіх. Шчыра вітаю і дзякую. Хочацца пералічыць пайменна, але спіс увесь час пашыраецца, баюся некага не назваць. Вы зрабілі грамадзянскі ўчынак. Па сабе ведаю, як гэта цяжка рабіць людзям публічнай прафесіі. Але сёння беларусы іншыя, людзі вас зразумеюць і падтрымаюць. Жыве Беларусь!"перадае Радыё "Свабода" зварот Бандарэнка да калег.

Яна адзначыла, што масавы сыход супрацоўнікаў з афіцыйных СМІ не мае прэцэдэнтаў. Гэтыя дзеянні могуць пацягнуць за сабой яшчэ большую хвалю звальненняў. На думку Бандарэнка, цярпенне лопнула нават у тых, хто матэрыяльна жыў някепска, але не змог далей існаваць у атмасферы прапагандысцкай хлусні.

Зінаіда Бандарэнка сышла з тэлебачання на пачатку 2000-х, бо не бачыла сябе ў ролі дзяржаўнай прапагандысткі. 

За апошнія дні з розных каналаў Беларускага тэлебачання звольніліся шэраг супрацоўнікаў — як вядоўцаў, так і тэхнічных работнікаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.