Жыхары Брэста пратэстуюць супраць зносу дзіцячых пляцовак у сваім двары

Сярэдзіна чэрвеня. Школьнікі ўжо ва ўсю адпачываюць на летніх вакацыях. У адзін з двароў брэсцкага мікрараёна Усход прыходзяць камунальнікі і моўчкі пачынаюць дэмантаваць металічныя канструкцыі. Інсталяцыі дзіцячых пляцовак патроху пачынаюць знікаць.  

Відавочцам гэтага становіцца Віталь Казак — мясцовы жыхар, які спыняе працу супрацоўнікаў ЖРЭУ. Частку дзіцячай пляцоўкі, хоць і з канфліктам, але атрымалася ўратаваць. Распавядае Віталь Казак:

“Я калі пабачыў, што няма ў іх ніякіх дакументаў на вытворчыя працы, зразумеў, што гэта антызаконна! Выклікаў міліцыю — спрабавалі збегчы! Збегчы з гэтымі фактычна скрадзенымі металічнымі канструкцыямі — не атрымалася! І я, і іншыя жыхары двара сталі сцяной, мне давялося машынай загарадзіць ім дарогу”.

Міліцыянты прыехалі на выклік, выслухалі абодва бакі канфлікту, але вырашыць на месцы праблему не здолелі.

Падчас разбіральніцтва Віталь Казак дазнаецца, што рабочыя дзейнічалі згодна з ініцыятывай кіраўніцтва ЖРЭУ. Камунальнікі маюць загад ліквідаваць дзіцячыя пляцоўкі і ў шмат якіх іншых жылых дварах горада.

Па словах Казака, дэмантаж адбываўся без шырокага абмеркавання кампетэнтных структур: упраўлення дашкольнай і школьнай адукацыі, аддзелаў ідэалогіі. Але, галоўнае, ніхто не запытаў пра знос пляцовак у саміх жыхароў. Працягвае Віталь Казак:

“ЖРЭУ служыць народу — простым людзям, усім, хто мае пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. А гэта значыць, што перш чым здзяйсняць такое масавае знішчэнне нашай маёмасці, якая мусіць служыць дзецям — нашай будучыні, яны павінныя былі пракансультавацца з грамадзянамі. Гэта не было зроблена”.

Каб разабрацца ў сітуацыі, 2 ліпеня жыхарамі двара па вуліцы Ленінградскай, 1/2 быў зладжаны сход. Прысутнічаў на ім і прадстаўнік ЖРЭУ. Ён у сваю чаргу паведаміў,  што зносілі толькі траўманебяспечныя канструкцыі. Мужчына спасылаўся на прадпісанне пракуратуры пра тое, каб праверыць усе дзіцячыя пляцоўкі на прадмет наяўнасці небяспечных для жыцця і здароўя дзяцей элементаў. Аднак у прадстаўленых дакументах гаворка ідзе не пра поўны знос пляцовак, а толькі пра ліквідацыю недахопаў.

Віталь Казак дадае, што аднаўляць знесеныя пляцоўкі камунальнікі не збіраюцца — маўляў, бракуе сродкаў у гарадскім бюджэце. Будаўніцтва новых турнікетаў камунальнікі прапануюць за ўласныя грошы жыхароў, што апошніх, вядома, не задавальняе.

На дзеянні камунальнікаў жыхары Ленінградскай, 1/2 ужо напісалі заяву ў пракуратуру, рыхтуюць адпаведны зварот і ў Следчы камітэт. Аднак, па словах Віталя Казака, на вырашэнне праблемы мясцовымі структурамі ён не спадзяецца:

“Цяпер мы чакаем дапамогі ад прэзідэнта. Мы напісалі афіцыйны ліст. Шмат людзей ужо падпісалася пад ім. Усяго плануем сабраць некалькі тысячаў подпісаў — шмат ахвотных дапамагчы… Няхай прэзідэнт разбярэцца, хто мае рацыю, а хто вінаваты! Няхай ён вырашыць, што істотнейшае — чыноўнік, які нядобрасумленна выконвае сваю працу, ці народ, якому чыноўнік гэты павінен служыць”.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі