Жыхару Наваполацка, які забіў уласную маці, далі 15 гадоў

Жыхару Наваполацка, які забіў уласную маці, далі 15 гадоў

Вынесены прысуд 32-гадоваму жыхару Наваполацка, які прызнаны вінаватым у забойстве ўласнай маці. 30 жніўня Віцебскі абласны суд асудзіў мужчыну паводле п.6 ч. 2 арт. 139 КК і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Забойства адбылося ў студзені гэтага года. Сын жыў са сваёй сям’ёй у адной кватэры з маці, з якой меў непрыязныя адносіны. Паміж імі ўзнікла сварка, падчас якой абвінавачаны нанёс маці не меней за 8 удараў малатком у галаву. Ад атрыманых траўмаў ахвяра сканала на месцы. Пазней сын схаваў цела маці ў лесе, а сам пайшоў у міліцыю і заявіў пра яе знікненне. Даволі хутка праваахоўнікі зразумелі, што мужчына мог спрычыніцца да знікнення сваёй маці і завялі на яго крымінальную справу. Пасля гэтага ён прызнаўся ў здзейсненым і паказаў месца, дзе схаваў цела.

Пры вынясенні прысуд улічылі раскаянне абвінавачанага, яўку з павіннай, а таксама наяўнасць у яго дваіх малалетніх дзяцей. Ён таксама павінен выплаціць 40 тысяч рублёў кампенсацыі свайму дзядзьку, брату загінулай, які прызнаны пацярпелым у гэтай справе.

Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі