Жыхарка Слуцка правярала чаргу ў выканкаме, там запісана, што яна "памерла"

У Слуцку выбухнуў скандал з чаргой для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Адну з прэтэндэнтак на будаўніцтва кватэры ў мясцовай бальніцы самачынна знялі з уліку. Ірына Пінчук працуе ў Слуцкай раённай бальніцы. У чарзе тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жылых умоваў, знаходзілася з 2008-га, нарадзіла сына, а пасля даведалася, што яе знялі з чаргі. У дакументах было пазначана, што Пінчук пабудавалася і адмовілася ад жылля.

Пасля скаргі ў Адміністрацыю прэзідэнта справай зацікавіўся Камітэт дзяржкантролю. Жанчыну аднавілі ў чарзе, але магчымасць пабудаваць кватэру ў доме, які забяспечваўся льготным крэдытаваннем пад 1%, яна страціла.

Тэлеканал СТВ, які распавёў пра гэтую гісторыю, цытуе словы бацькі пацярпелай, Мікалая Дубовіка,  ён гаворыць пра здарэнне з іншай дачкой:

"Дачка малодшая вырашыла праверыць сваю чаргу ў гарвыканкаме. Прыйшла, і мяне ледзь да інфаркту не давялі. "Тата, — кажа, — па дакументах я памерла". Вось, напісана тут, што яна ўвогуле памерла ў 2014 годзе. Дачка прыйшла засмучаная, яна цяжарная. Спадзяемся толькі на Аляксандра Рыгоравіча, што справядлівасць пераможа, надзея толькі на яго".

Чыноўнікі з выканкама прапануюць усміхнуцца на гэты запіс, сцвярджаюць, што інфармацыя да іх трапіла з Нацыянальнага кадастравага агенцтва. Цяпер сітуацыяй з сям'ёй Пінчук-Дубовік займаецца пракуратура.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі