Журналістаў Любоў Лунёву і Змітра Краўчука аштрафавалі на 920 рублёў кожнага

Журналістаў Любоў Лунёву і Змітра Краўчука аштрафавалі на 920 рублёў кожнага

Суд Савецкага раёна Мінску аштрафаваў журналістаў тэлеканала "Белсат" Любоў Лунёву і Змітра Краўчука на 920 рублёў кожнага (па 40 базавых велічыняў). Іх прызналі вінаватымі ў працы без акрэдытацыі, перадае Радыё "Свабода"

Дарэчы, два месяцы таму тая ж суддзя Вера Галаўкова, што асудзіла журналістаў сёння, у Заводскім судзе Мінска аштрафавала Лунёву і Краўчука на 690 рублёў кожнага (па 30 базавых) па тым жа абвінавачанні.

Як паведамілі ў судзе міліцыянты Шкут і Кесель, 4 кастрычніка Лунёва і Краўчук непадалёк ад будынку Савецкага суда запісвалі інтэрв'ю з вядомай актывісткай Нінай Багінскай. Жанчына расказвала ім, чаму людзі не давяраюць судам.

Сама Лунёва ў каментары "Свабодзе" запэўніла, што ніякіх міліцыянтаў побач з сабой падчас інтэрв'ю не бачыла. "Ніякіх пратаколаў на нас не складалі, спасылак на сюжэт, які нібыта быў паказаны на тэлеканале "Белсат", у суд не прадставілі. Але суддзя паверыла вусным сведчанням Шкута і Кеселя. Нават калі яны здалёк і бачылі, што мы размаўлялі са спадарыняй Багінскай, як яны маглі здагадацца, пра што мы размаўлялі?" — дзівіцца журналістка. 

Яна паведаміла, што разам з калегам будзе абскарджваць прысуд. 

На гэтым тыдні чакаецца яшчэ некалькі судоў над журналістамі "Белсату". 6 снежня ў судзе Дзяржынскага раёну, а 8 снежня ў Ленінскім і Першамайскім судах сталіцы (з інтэрвалам у паўгадзіны) будуць судзіць журналістку Вольгу Чайчыц — яе таксама вінавацяць у працы без акрэдытацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі