Журналіст "Свабоды", якому зламалі нос пры затрыманні, падае заяву ў СК

Журналіст "Свабоды", якому зламалі нос пры затрыманні, падае заяву ў СК

Журналіст Антон Трафімовіч вырашыў падаць заяву ў Следчы камітэт па факце свайго затрымання. 

Як распавядала Еўрарадыё, журналіста жорстка затрымалі ўвечары 15 ліпеня. Перад гэтым ён вёў жывы эфір ад будынка Цэнтрвыбаркама, куды сотні мінчукоў прыйшлі, каб скаргі на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Віктара Бабарыкі

На Нямізе каля Трафімовіча спыніўся мікрааўтобус, з якога выскачылі сем байцоў АМАПу, скруцілі яго і пацягнулі ў машыну. 

"Калі я выйшаў з вуліцы Мяснікова на Нямігу, каля мяне прыпыніўся мікрааўтобус, адкуль выбеглі 6−7 чалавек, двое ў форме АМАПа, астатнія — у цывільным. Мне закруцілі рукі за спінай, засунулі ў рот руку, каб я не крычаў. Пры затрыманні моцна стукнулі па носе. У мікрааўтобусе мяне пасадзілі на падлогу на калені, хоць свабодныя месцы ў машыне былі, сярод затрыманых былі толькі я і журналістка Віялета Саўчыц, супраць яе фізічную сілу не ўжывалі, мне надзелі кайданкі за спінай, увесь час трымалі галавой уніз. У мяне цякла кроў, але супрацоўнікі міліцыі на гэта не рэагавалі. Уся падлога пада мной была ў крыві, вопратка таксама запэцканая крывёю. У мяне на шыі вісеў вялікі бэйдж, я паўтараў, што я журналіст, амапаўцы знялі пасведчанне і перапісалі дадзеныя. То бок яны дакладна ведалі, што я журналіст, на якой падставе я быў затрыманы, ніхто не казаў, як і куды нас вязуць", — распавёў Трафімовіч у каментары TUT.by.

Журналістаў даставілі ў Заводскі РУУС, дзе перапісалі іх звесткі з пасведчанняў і пашпартаў, а потым адпусцілі без тлумачэнняў і выбачэнняў.

Трафіовіч звярнуўся ў лякарню, дзе яму наклалі швы на зламаны нос. 

"Я патлумачыў у бальніцы, што мяне збілі пры затрыманні. У такіх выпадках медыкі самі паведамляюць у міліцыю пра здарэнне. Сёння мне званілі з Маскоўскага РАУС, паведамілі, што матэрыялы перададзеныя ў Следчы камітэт. Я таксама планую напісаць заяву аб завядзенні крымінальнай справы", — заяўляе журналіст.

У мінскай міліцыі кажуць, што каментар па гэтым факце будзе пазней. 

Нагадаем, што 14 ліпеня падчас вулічных акцыяў міліцыянты затрымалі ў Мінску каля паўтара дзясятка журналістаў, у тым ліку карэспандэнтаў Еўрарадыё Міхася Ільіна і Арцёма Маёрава. На іх таксама былі вялікія бэйджы з пазнакай "Прэса". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі