Журналіст падаў у суд на дэпутатаў за тое, што яго не пусцілі на пасяджэнне

Магілёўскі карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч паскардзіўся ў суд на абласны Савет дэпутатаў. Цягам года яго не пускаюць на адкрытыя пасяджэнні. Аднак Ленінскі суд горада 21 студзеня стаў на бок дэпутатаў. У выніку Лапцэвіч падаў скаргу ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда. Ён патрабуе адмяніць рашэнне раённага суда і прызнаць незаконнымі дзеянні старшыні і галоўнага спецыяліста аблсавета дэпутатаў, якія не пускаюць журналіста на адкрытыя пасяджэнні.

"Усе аргументы, якія я даводзіў аб магчымасці кожнага чалавека свабодна наведваць і прысутнічаць на адкрытых пасяджэннях, на судзе пад увагу не браліся, нягледзячы на тое, што гэта агаворваецца мінімум у трох законах — законе “Аб СМІ”, законе “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні” і законе “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”, — распавядае Уладзімір Лапцэвіч. — Яны увесь час чамусьці апелявалі да рэгламенту Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, дзе ніякім чынам не прапісаная нейкая забарона камусьці прысутнічаць на сесіі. Чамусьці яны вырашылі, што на сесіях могуць прысутнічаць толькі спецыяльна запрошаныя госці".

Па словах журналіста, ён сустракаўся са старшынёй Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Анатолем Ісачанкам, які паведаміў, што ён асабіста не забараняе Лапцэвічу прыходзіць на пасяджэнні. Разам з тым, ён адзначыў, што прысутнічаць на іх могуць толькі спецыяльна запрошаныя журналісты і асобы, якія ўнесеныя ў адпаведны спіс. Як патрапіць у гэты спіс, Анатоль Ісачанка не паведаміў, кажа Лапцэвіч.

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што падобнае рашэнне аблсавета не дазваляе журналісту выконваць сваю працу.

“Адмова журналісту ў наведванні пасяджэнняў аблсавета абсалютна незаконная. У скарзе пазначылі, што спасылацца так, як спасылаўся суд на артыкулы, якія рэгулююць парадак акрэдытацыі, не маюць права. Тым больш, што яны свядома ўпусцілі забарону абгрунтаванай адмовы ў акрэдытацыі. Вось гэту прававую норму яны таксама ўпусцілі. Гэта рашэнне прыцягнутае за вушы”.

Уладзімір Лапцэвіч у сваю чаргу адзначае, што раней такой праблемы не было — ён мог свабодна прысутнічаць на пасяджэннях аблсавета і рабіць артыкулы аб працы народных абраннікаў. Заўваг і нараканняў да падачы інфармацыі ў дэпутатаў не было.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі