Жазэп Барэль: у ЕС гатовыя папрацаваць над новымі пазіцыямі ў санкцыйным спісе

Жазэп Барэль / rbc.ru
Жазэп Барэль / rbc.ru

Увечары 22 снежня вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль размясціў у сваім блогу каментар што да сітуацыі ў Беларусі. У прыватнасці, там гаворыцца пра гатоўнасць ЕС падтрымаць любыя пасярэдніцкія намаганні і папрацаваць у студзені над новымі пазіцыямі ў санкцыйным спісе, "калі спатрэбіцца".

— Пачынаючы са жніўня я тыдзень за тыднем знаходзіўся пад глыбокім уражаннем ад стойкасці беларускага народа і яго мужнай барацьбы за фундаментальныя правы, за свабодныя і сумленныя выбары. На гэтую смеласць рэжым адрэагаваў жорсткасцю і беззаконнем, — адзначае Барэль. — Пасля выбараў была затрыманая больш чым 31 тысяча мірных дэманстрантаў, у тым ліку 370 журналістаў. У дачыненні да сотняў палітвязняў і больш чым 900 чалавек распачалі крымінальныя справы.

Барэль запэўнівае, што сітуацыя ў Беларусі займае прыярытэтнае месца ў парадку дня ЕС. Неаднаразова дэлегацыя Еўрасаюза прасіла дазволу ва ўладаў на наведванне палітвязняў, аднак у доступе ім да гэтага часу адмоўлена. Таксама афіцыйны Мінск не пагадзіўся на прапанову старшынства АБСЕ наведаць краіну. 

— Для таго каб знайсці мірнае рашэнне, ЕС звярнуўся да абмежавальных мераў. Да цяперашняга часу Еўрасаюз увёў санкцыі ў дачыненні да 88 чалавек, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, і сямі суб'ектаў гаспадарання, адказных за гвалт, неабгрунтаваныя арышты і фальсіфікацыю вынікаў выбараў, — нагадаў вярхоўны прадстаўнік ЕС.

Паводле яго слоў, чальцы ЕС выказалі "гатоўнасць і жаданне" папрацаваць у студзені над новымі пазіцыямі ў санкцыйным спісе, "калі спатрэбіцца". У цэлым Еўрасаюз правёў поўны перагляд двухбаковых адносін з Беларуссю, лічыць Барэль. Гаворка аб скарачэнні палітычных кантактаў з уладамі, яе фінансавай падтрымцы, павелічэнні падтрымкі насельніцтва, уключаючы незалежныя СМІ, моладзь, малы і сярэдні бізнес і ахова здароўя. 

— ЕС працягне падтрымліваць беларускі народ столькі, колькі неабходна, у абароне яго фундаментальнага права выбіраць свайго прэзідэнта на свабодных і сумленных выбарах. Еўрасаюз гатовы істотна павялічыць свой удзел і падтрымку дэмакратычнай Беларусі за кошт павелічэння фінансавай дапамогі і сектаральнага супрацоўніцтва, — заявіў Жазэп Барэль

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі