Жанчыны і кветкі

Са старадаўніх часоў кожная кветка не толькі сімвал прыгажосці і знак увагі. Яна мае свой сэнс. Падараваць кветку раней значыла прызнацца ў каханні, выказаць захапленне ці непрыемнасць, а часам і папярэдзіць аб небяспецы. “Жанчыны і кветкі — гэта адно і тое ж”, — казаў Бернард Шоу. 8 сакавіка — свята, калі і тых, і другіх носяць на руках і ўсхваляюць. Выходны дзень, пачатак вясны. Няспынна працуюць толькі гандляры кветкамі.

На крамах напісана, што яны зачыняюцца а дзевятай вечара, але насамрэч яны перастаюць працаваць у тры гадзіны ночы. Гэтыя дні для іх самыя напружаныя ў годзе.

Гандлярка:
“Працуем і ўначы, і ўдзень. Без перапынкаў. Ноччу складаем букеты, а ўдзень абслугоўваем кліентаў”.

Са старадаўніх часоў кожная кветка не толькі сімвал прыгажосці і знак увагі. Яна мае свой сэнс. Падараваць кветку раней значыла прызнацца ў каханні, выказаць захапленне ці непрыемнасць, папярэдзіць аб небяспецы і г.д.

Калі дарылі букет, грала ролю яшчэ і колькасць кветак, іх колер, іх суседства з іншымі кветкамі, колькасць пялёсткаў на кожнай. Цяпер крамы поўняцца самымі рознымі краскамі, што з іх выбяраюць беларусы для сваіх жанчын?

Гандляркі:

— Вясеннія кветкі. Гэта цюльпаны, нарцысы, фрэзія, мімоза, геацынты, альстрымерыя

— На 8 сакавіка найвялікшы попыт усё ж на цюльпаны.

— Больш за ўсё вясеннія кветкі. Цюльпаны, мімозу і нарцысы. Ну і “дробныя”: шабо, гваздзічкі, хрызантэмкі.


Класічны чырвоны цюльпан — сімвал чыстага кахання, вялікага шчасця, а таксама адзнака надзвычайнага палюбоўніка. Жоўтыя цюльпаны зусім не прарочаць разлуку, імі хочуць сказаць, што ваша ўсмешка як сонечнае святло.

Стракатыя, рознакаляровыя цюльпаны робяць камплімент вашым вачам. Белы нарцыс азначае моцнае безадказнае каханне і рыцарства, жоўты — ўвагу і вашу непаўторнасць.

Мімозу пасуе дарыць самым маладым людзям, бо яна — знак сарамлівасці, чуллівасці і таго, што чалавек хавае свае пачуцці. Але самы незвычайны букет, які мы бачылі, складзены з іншых кветак.

Гандлярка: “Самы цікавы букет — вось ён: тут сланечнікі, страліцыя, сафары, пальма і разнастайныя фларыстычныя матэрыялы даданыя — рафія, сізаль. Па форме букет паралельны. Каштуе ён няшмат па цяперашніх мерках — 65 тысяч рублёў”.

Амаль усе кветкі пастаўляюцца да нас з Галандыі, візітоўкай якой з’яўляецца цюльпан. Гандляркі кажуць, што галандцы лепш за ўсіх даглядаюць кветкі, правільна іх зразаюць і хутка пастаўляюць — так, што сёння мы набываем кветку, зрэзаную ў Галандыі ўчора.

Але ў метро мы сустрэлі дзяўчыну, якая прадавала цюльпаны, вырашчаныя яе бацькам.

Гандлярка: “Бацька заняў імі два пакоі. Цюльпанам патрэбная даволі халодная тэмпература, у тых пакоях свой клімат. Потым іх зразаюць, падразаюць сцяблінкі, яны ноч ляжаць у вадзе.

Мы іх вырошчваем толькі для 8-га сакавіка. З двух пакояў у нас збіраецца пяць тысяч цюльпанаў, але 9 сакавіка няма ніводнага”.

На пытанне, у колькі разоў падскочыла колькасць пакупнікоў кветак, усе гандляркі адказваюць аднолькава: у сто! Кошты ж падскочылі не так моцна.


ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ:

Адна галінка мімозы каштуе “з рук” тысячу рублёў, але для букета іх трэба недзе пяць-сем, то бок мімозавы букет абыдзецца вам у 5-7 тысяч рублёў. Цюльпаны каштуюць ад 4 тысяч да 7, нарцысы 3 тысячы, герберы 6 тысяч.

Прыгожа аздобіць букет каштуе яшчэ некалькі тысячаў.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі