Жанчыну, якая гуляла ў нядзелі з сабачкам у БЧБ, затрымалі і судзілі

Ала Карунная / Еўрарадыё
Ала Карунная / Еўрарадыё

Кожную нядзелю жыхары Нясвіжа, нязгодныя з тым, што адбываецца ў краіне, гуляюць па цэнтры горада. Ала Карунная выходзіла на гэтыя акцыі салідарнасці са сваім сабачкам Платошам, апранутым у бел-чырвона-белую шубку.

Пасля прагулкі 18 верасня Алу запрасілі для гутаркі ў мясцовы РАУС. Адтуль жанчына не выйшла: супраць яе пачалі адміністрацыйны працэс і пакінулі ў ізалятары да суда. А ўдзень 20 кастрычніка на судовым пасяджэнні, пра якое не ведаў нават сын Алы, ёй вынеслі штраф — 30 базавых велічынь.

Як стала вядома Еўрарадыё, Карунную абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — велапрабегу 25 жніўня. У той дзень жанчына сапраўды каталася на ровары — але без якой-небудзь сімволікі.

Женщину, гулявшую по воскресеньям с собачкой в БЧБ, задержали и судили
Ала Карунная і сабака Платоша / "Тэлеграм"

Муж Алы — намеснік начальніка аддзела адукацыі па гаспадарчай частцы Нясвіжскага райвыканкама. Па словах сына Алы Аляксандра, нядзельныя прагулкі жонкі ўжо адбіліся на яго працы:

— Бацьку ўжо не першы раз просяць напісаць заяву на звальненне праз маму. Праз тое, што яна ходзіць на такія мерапрыемствы, яго спрабуюць прымусіць, каб ён звольніўся.

Аляксандр дзівіцца, маўляў, горад і так невялікі, якія яшчэ могуць быць масавыя акцыі?

— У нас у Нясвіжы нічога асабліва масавага не адбываецца, чалавек 10-15 збіраліся і проста хадзілі па парку, — кажа Аляксандр.

Аляксандр Карунны працуе ў Нясвіжскім аграсэрвісе кіроўцам. Пасля выбараў дзявятага жніўня яго жыццё перастала быць ранейшым.

— Я з дзявятага [жніўня. — Еўрарадыё] не магу нармальна працаваць. Я працую кіроўцам і ўжо даўно стаю на рамонце. Выйшаў негалосны загад выканкама, каб любой цаной мяне злавіць, пазбавіць правоў і па магчымасці пасадзіць. Запчастак мне своечасова не даюць. Раней каля майго дома дзяжурыла некалькі экіпажаў, каб мяне затрымаць. На сваёй машыне я перастаў ездзіць, на рабочай таксама не магу, таму што мой начальнік — былы міліцыянер. Яны трымаюць сувязь, і калі я куды выязджаў, то ён адразу тэлефанаваў і казаў, куды едзе рабочая машына. Мяне там чакалі і хацелі злавіць.

Сваёй палітычнай пазіцыі Аляксандр не хавае:

— Я за перамены. Колькі ўжо можна сядзець нашаму "доблеснаму Аляксандру"? Многія людзі да мяне падыходзяць і кажуць: "Мы вас падтрымліваем, але баімся самі выходзіць". Вакол мяне шмат знаёмых, з якімі я размаўляў пасля выбараў, і сярод іх ніхто "за яго" не галасаваў.

Але на працы ў нас узмоцнена прымушалі хадзіць на мітынгі [праўладныя. — Еўрарадыё]. Каго ўгаворвалі, а каго і пад пагрозай звальнення — проста каб яны хадзілі на гэтыя чырвона-зялёныя мітынгі. Ведаю многіх, хто не галасаваў, але былі на гэтых мітынгах. Я ў іх пытаюся: "Чаму ты туды ідзеш?" А адзін мне адкрыта сказаў: "Мне пагражалі, што калі я не пайду, то звольняць маю жонку з працы".

Еўрарадыё сочыць за развіццём падзей вакол Алы Каруннай і яе сабачкі Платошы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі