Вы тут

Жанчыну-паштальёна будуць судзіць за "зліў" даных пра дзясяткі міліцыянераў

З лета 2020-га міліцыянеры ў Беларусі хаваюць свае твары / З архіву БЕЛТА

У Мінску ў суд могуць перадаць крымінальную справу, распачатую ў дачыненні жанчыны-паштальёна. Следчы камітэт ужо накіраваў яе пракурору. Жанчыну абвінавачваюць у "незаконным збіранні і распаўсюджванні звестак аб прыватным жыцці, якія складаюць асабістую або сямейную таямніцу іншай асобы, без яго згоды, што пацягнулі прычыненне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелых" (ч. 1 арт. 179 КК). Ёй пагражаюць грамадскія працы, ці штраф, ці нават арышт.

Пра гэтую гісторыю стала вядома ў пачатку кастрычніка. Сталічная міліцыя паведаміла пра жанчыну-паштальёна, якая "скарысталася сваімі службовымі паўнамоцтвамі" і распаўсюдзіла ў інтэрнэце даныя пра 35 чалавек, у тым ліку і міліцыянераў. Сцвярджалася, што зрабіла яна гэта пад уплывам заклікаў "зліваць" канфідэнцыйныя даныя праваахоўнікаў.

Расследаваннем займаўся Цэнтральны раённы аддзел Следчага камітэта. Высвятляецца, што паштальён скарысталася спісам падпісчыкаў ведамственнага выдання МУС. На допыце жанчына заявіла, што незадоўга да гэтага міліцыянеры затрымлівалі яе сваячку. Таму яна вырашыла адпомсціць.

Да паштальёна "прыменена мера стрымання ў выглядзе асабістага паручыцельства".

Фота СК

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.