Вы тут

Затрыманых у Мінску на праглядзе спектакля гледачоў караюць арыштам

Чырвоны дворык / З архіву Еўрарадыё

Затрыманых у Мінску на праглядзе спектакля "Белы трусік, Чырвоны трусік" гледачоў караюць адміністрацыйным арыштам. Іх справы разглядаюцца ў судзе Цэнтральнага раёна сталіцы, паведамляе тэлеграм-канал @viasnanazirae.

Прагляд толькі пачаўся 16 чэрвеня ў Чырвоным дворыку на Рэвалюцыйнай вуліцы, як з'явілася міліцыя. Агулам затрымалі амаль дзясятак чалавек. Чатырох маці непаўналетніх дзяцей уначы адпусцілі, а астатніх затрымалі да суда і змясцілі на Акрэсціна. На ўсіх склалі пратаколы за "непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі".
 
Суддзя Аляксандр Петраш арыштаваў на 15 сутак 34-гадовага Мікіту Раманкіна і 25-гадовую Алію Саед. Суддзя Дзмітрый Карсюк на 15 сутак адправіў за краты 48-гадовую Святлану Мяшчанінаву. Яна сваёй віны не прызнала, расказала, як было насамрэч і прапанавала праглядзець відэа, якое здымалі сілавікі.

Сведка-міліцыянер на судзе заявіў, што "ім паступіла інфармацыя аб магчымам несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на вуліцы Рэвалюцыйная 7а, таму прысутных затрымалі для "ўстанаўлення асобы". А на тэрыторыі РУУСа жанчына нібыта "адмовілася прайсці, упіралася і чаплялася за яго руку". Па словах міліцыянера, відэакамер у іх не было.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.