Затрыманы міліцыяй футбаліст: Першая думка была пра рэкет, ксівы яны не паказалі

Затрыманы міліцыяй футбаліст: Першая думка была пра рэкет, ксівы яны не паказалі

Міліцыя заяўляе пра выкрыццё групы, якая займалася дагаворнымі гульнямі.

У межах расследавання быў спынены аўтамабіль, на якім у Мінск пасля матча вярталіся футбалісты ФК “Ашмяны”. Спартсменаў затрымліваюць, вязуць у ГУБАЗіК, апытваюць і адпускаюць. Пасля гэтых прыгодаў у Сяргея Булынёнка аказваецца зламанай скула і костка пад вокам.

 

“Паклалі тварам у асфальт. Былі такія дурныя думкі: можа, у некага з пасажыраў нарката...”

 

Звязваемся з Вадзімам Бацяноўскім, гульцом “Ашмянаў” і кіроўцам таго самага легкавіка з футбалістамі.

“Мы пасля гульні хуценька памыліся, я кажу: “Хто першы, сядайце да мяне чатыры чалавекі — і рухаемся дадому на Мінск”. Ну і чатыры чалавекі селі. Ад’язджаем ад Ашмянаў каля 30 км. Тут нас падразае джып “Лексус”, таніраваны. Блакіруе яшчэ адна звычайная легкавая машына, ці то “Форд”, ці то “Фольксваген”. З машын выскокваюць здаровыя маладыя хлопцы ў шортах. Саша Станкевіч ззаду крычыць: “Блакіруй дзверы”. Але я разгубіўся і не паспеў. У мяне адкрываюцца дзверы, удар па твары… Я пачынаю рукі адбіваць. А калі ўбачыў пісталет, перастаў тузацца”.

Затрыманы міліцыяй футбаліст: Першая думка была пра рэкет, ксівы яны не паказалі

Пад’ехала б машына ДАІ — ніхто б, канечне, не супраціўляўся. Нават калі б нас падрэзалі і проста паказалі ксіву, я ўпэўнены, што ніхто б не рыпнуўся. А так, гэты налёт быў падобны на рэкецірства...

Вадзім Бацяноўскі

Еўрарадыё: Ці зразумелі вы, што гэта міліцыя?

Вадзім Бацяноўскі: Інфармацыя з прэс-рэліза, што яны падчас затрымання прад’яўлялі дакументы, — гэта ўсё хлусня. Першая думка была, што гэта нейкія рэкеціры. Толькі калі я ўбачыў пісталет, сказалі, што міліцыя. Паклалі тварам у асфальт, рукі за галаву. У той момант былі такія дурныя думкі: можа, у некага з пасажыраў нарката... Усялякая дурасць была ў галаве. Нас перанеслі на збочыну, паклалі на траву. Калі падымалі на ногі, то мая машына была ўжо адагнаная. Пакуль ляжалі, падыходзілі да кожнага і пыталіся: “Прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння, дзе працуеце”. Потым падымалі па адным і тое самае пыталіся на камеру.

Еўрарадыё: Больш за ўсіх дасталася Булынёнку. У міліцыі заяўляюць, што ён з задняга сядзення аўто некалькі разоў нагой ударыў спецназаўца. Вы гэта бачылі?

Вадзім Бацяноўскі: А вы бачылі гэтага Булынёнка? Ён метр з кепкай і сам па сабе такі, што ўвогуле не будзе лезці на ражон. Але ў момант затрымання мяне самога круцілі, і я нічога не бачыў.

Еўрарадыё: Што яшчэ ў вас пыталіся на камеру?

Вадзім Бацяноўскі: Ці ведаем, за што нас павязалі. А калі задалі пытанне пра дагаворныя гульні, стала больш-менш зразумела, з-за чаго ўвесь гэты сумбур.

 

Адно з пытанняў было: “Якія ў вас былі ўражанні падчас затрымання?”

 

Еўрарадыё: Што адбывалася ў ГУБАЗіКу на Рэвалюцыйнай у Мінску?

Вадзім Бацяноўскі: Спачатку нас траіх пакінулі: “Сазнайцеся ва ўсім і мы вас адпускаем”. Казалі пра тое, што мы былі на гульні “Крумкачы”—“Мінск” і там пра нешта дамаўляліся. Але на гульні, здаецца, быў толькі адзін чалавек, які ехаў у маёй машыне. Мы сказалі, што выдумваць нічога не будзем, і тады нас развялі па розных кабінетах.

Затрыманы міліцыяй футбаліст: Першая думка была пра рэкет, ксівы яны не паказалі
Сяргей Булынёнак пасля сустрэчы з сілавікамі

Еўрарадыё: А прычым тут гульня “Крумкачы”—“Мінск”?

Вадзім Бацяноўскі: Я ўвогуле не маю паняцця. Нібыта падчас гэтай гульні нехта з кімсьці сустракаўся, пра нешта дамаўляўся. Маё апытанне праводзіў старшы лейтэнант Шота. Трымаўся параўнальна спакойна і карэктна. Але адно з пытанняў было: “Якія ў вас былі ўражанні падчас затрымання?”. А якія могуць быць уражанні? Мяне выкідваюць пасярод шашы з маёй машыны, ляжу 40 хвілін у траве. Ён кажа: “А што ты хацеў? Каб усё было спакойна?”.

Еўрарадыё: Як лічыце, чаму затрыманне было такім жорсткім? Каб затрыманыя палохаліся і расколваліся?

Вадзім Бацяноўскі: Пад’ехала б машына ДАІ — ніхто б, канечне, не супраціўляўся. Нават калі б нас падрэзалі і проста паказалі ксіву, я ўпэўнены, што ніхто б не рыпнуўся. А так, гэты налёт быў падобны на рэкецірства. Па-іншаму я гэта не магу назваць. Будзе вельмі крыўдна, калі такое застанецца беспакараным.

Еўрарадыё: Ці ведаеце, у якім статусе вас затрымлівалі?

Вадзім Бацяноўскі: З мяне проста ўзялі тлумачэнні: там быў, там не быў, гэтага ведаю, гэтага не ведаю. Прыкладна апоўначы мяне выпусцілі з будынка на Рэвалюцыйнай. Напэўна, з усіх я выйшаў самым першым. Маю машыну падагналі проста да ўваходу.

Еўрарадыё: Будзеце ўдзельнічаць у наступнай гульні “Ашмянаў”?

Вадзім Бацяноўскі: Так, буду. Яна адбудзецца праз суботу.

Пытанне да міліцыі: Ці існуе відэа, дзе бачна, як футбаліст б’е супрацоўніка міліцыі?

 

Прэс-служба МУС паведамляе пра тое, што наконт заявы ад Сяргея Булынёнка праводзіцца праверка. У прэс-рэлізе брутальнае затрыманне тлумачаць тым, што футбалісты нібыта ўцякалі ад міліцыі. А пераломы Булынёнка тым, што ён некалькі разоў ударыў спецназаўца.

“Маецца на ўвазе, што праверка праводзіцца вашай Службай уласнай бяспекі?” — цікавімся ў намесніка начальніка упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Георгія Яўчара.

Яўчар: Маецца на ўвазе, што па дадзеным факце праводзіцца праверка.

Еўрарадыё: Кім? Следчым камітэтам ці міліцыяй?

Яўчар: Калі ў нас будуць вынікі праверак, мы іх таксама размесцім на сайце.

Еўрарадыё: То бок праверку праводзіць ваша ведамства — Міністэрства унутраных спраў?

Яўчар: Я вам сказаў, што па дадзеным факце праводзіцца праверка, інфармацыя будзе размешчаная.

Еўрарадыё: Ці мае дачыненне да крымінальнай справы па дагаворных матчах відэа, якое далучанае да прэс-рэліза? Ці гэта проста ілюстрацыйнае відэа?

Яўчар: Гэта напісана, “Адно з затрыманняў ГУБАЗіКу”.

Еўрарадыё: Але канкрэтна да справы з дагаворнымі матчамі дачыненне яно не мае…

Яўчар: Мае.

Еўрарадыё: То бок на ім затрыманне грамадзяніна Украіны Леміка, у мінулым вядомага баскетбаліста?

Яўчар: Я не кажу пра гэтага чалавека.

Еўрарадыё: Ці існуе відэа на якім бачна, як Булынёнак наносіць удары супрацоўніку міліцыі?

Яўчар: Усё відэа, якое можна было размясціць, мы размясцілі.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі