Затрымалі, але прызналі невінаватым – хто заплаціць за выбітыя дзверы?

Затрымалі, але прызналі невінаватым – хто заплаціць за выбітыя дзверы?

Следчы камітэт праводзіць праверку па факце затрымання мінскага лекара Дзмітрыя Серады. Пра гэта паведаміла прадстаўнік СК Юлія Ганчарова. Скаргу на дзеянні міліцыянераў падчас затрымання чалавека, які ў выніку аказаўся ні ў чым не вінаваты, напісала жонка Дзмітрыя Серады. Як раней паведамляла Еўрарадыё, затрыманне праводзілася вельмі брутальна: выламалі ўваходныя дзверы, выбілі шкло ў балконных дзвярах, самога Дзмітрыя збілі, што засведчыла медэкспертыза.

Еўрарадыё цікавіцца ў прадстаўніка Следчага камітэта, за чый кошт будзе рабіцца рамонт у кватэры Дзмітрыя Серады.

Юлія Ганчарова: “У нас праводзіцца даследчая праверка ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі па заяве жонкі Серады. А што тычыцца ўсіх гэтых пытанняў — трэба глядзець па выніках праверкі. Што будзе і гэтак далей. А ўвогуле, агульная практыка грамадзянскіх пазоваў — гэта крыху іншае”.

Як расказаў Еўрарадыё Дзмітрый Серада, пакуль ён ні ўваходныя, ні балконныя дзверы не адрамантаваў — не меў на гэта часу. Тым больш што ўваходныя дзверы, па яго словах, адрамантаваць немагчыма: і самі дзверы выгнутыя, і замок выбіты, і касякі зламаныя. Чакаць вынікаў праверкі мужчына не збіраецца і будзе ўсё рамантаваць за свой кошт.

Дзмітрый Серада: "Будзем замаўляць новыя дзверы, а потым выстаўляць рахунак па выніку рамонту. Проста буду ўсе квітанцыі збіраць: за рамонт, за замену дзвярэй”…

Нагадаю, 4 жніўня каля 8-й раніцы ў кватэру мінскага лекара-педыятра Дзмітрыя Серады ўламаліся невядомыя ў масках: выбілі ўваходныя дзверы, а таксама спусціліся з даху і разбілі шкло балконных дзвярэй на кухні.

Невядомыя, па словах лекара, паклалі яго тварам на падлогу, скруцілі рукі за спінай, надзелі кайданкі. Усё гэта ў прысутнасці жонкі і малой дачкі. Як высветлілася, лекара падазравалі ў эксгібіцыянізме. Праз суткі яго вызвалілі, прызнаўшы невінаватым.

Фота: spring96.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі