Заснавальніка Прыёрбанка Касцючэнку асудзілі на тры з паловай гады калоніі

Заснавальніку і кіраўніку Прыёрбанка Сяргею Касцючэнку прысудзілі 3,5 года калоніі. Яго судзілі за ўхіленне ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК). Як паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда Беларусі, разам з Касцючэнкам асудзілі яшчэ двух бізнесоўцаў. Працэс вяла суддзя Святлана Бандарэнка.  

Як распавядала Еўрарадыё, вядомага банкіра затрымалі на пачатку сакавіка. Тады ён вярнуўся з Аўстрыі, дзе пастаянна пражывае. 

Сілавікі зацікавіліся легальнай схемай ашчаджэння на падатках з дапамогай сістэмы назапашвальнага страхавання "Прыёрлайф". Банкіры карысталіся гэтай сістэмай для вываду дывідэндаў без выплаты падаходнага падатку. У банкаўскай сферы кажуць, што гэта распаўсюджаная ў свеце сістэма.

"Гэта распаўсюджанае ў свеце назапашвальнае страхаванне. Сэнс яго ў тым, што ты прыносіш грошы кампаніі, якая вельмі кансерватыўна распараджаецца сродкамі, — класічны пенсійны фонд. Яна абяцае табе даходнасць па праходжанні пэўнага часу, ад некалькіх гадоў. Калі гаворым пра пенсію, то па дасягненні гэтак званага "ўзросту дажывання".

Пры ўводзе грошай у гэтую сістэму страхавання табе не трэба плаціць з гэтага падаткі — так рабілі многія банкіры, пералічваючы туды дывідэнды ад работы ў банку", — прыводзіць "Наша Ніва" каментар экспертаў.

Паводле крыніцаў "Нашай Нівы", затрымпнне Касцючэнкі адбылося пасля таго, як ён адмовіў хакейнаму трэнеру Дзмітрыю Баскаву ў просьбе фінансаваць клуб "Дынама". Баскаў — фаварыт Аляксандра Лукашэнкі, ён мае дачыненне да гібелі Рамана Бандарэнкі на "Плошчы Пераменаў". 

Супрацоўнікі Прыёрбанку таксама выказваюць версію, што Касцючэнку паставілі ў віну кантакты з Паўлам Латушкам. Сам палітык кажа, што пасля 2020 года з банкірам не камунікаваў, хаця па ранейшай дзяржаўнай службе ведаў яго.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.