Вы тут

Запрашаюць студэнтаў і актораў з рэгіёнаў: у Купалаўскім набіраюць новую трупу

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы / З архіву БЕЛТА​

Пасля масавага звальнення артыстаў Купалаўскага тэатра ў трупе засталося 12 чалавек. У жніўні большасць актораў і супрацоўнікаў тэатра востра адрэагавалі на падзеі, якія адбываюцца ў краіне, і заявілі пратэст. Быў звольнены дырэктар тэатра Павел Латушка. Услед за ім сышла большая частка трупы.  

4 лістапада тры акторкі Купалаўскага Тамара Міронава, Зінаіда Зубкова, Ала Ельяшэвіч, а таксама галоўны мастак тэатра Барыс Герлаван сустракаліся з міністрам культуры Юрыем Бондарам, паведамляў тэлеграм-канал Мінкульта. Пра што ішла размова на сустрэчы, невядома, але 11 лістапада ў тэатры адбыліся праслухоўванні артыстаў, гэта значыць пачалася праца па фармаванні новай трупы, паведамляе TUT.BY.

На праслухоўванне запрасілі студэнтаў універсітэта культуры.  Адзін з іх расказаў, што запрашалі "настойліва" , ён пагадзіўся, але частка яго аднакурснікаў вырашыла адмовіцца.

Да праслухоўвання прадстаўнікі Мінкульта тэлефанавалі ў абласныя тэатры і прапаноўвалі мясцовым артыстам паспрабаваць свае сілы ў Купалаўскім. Інфармацыю пра тое, што такія званкі былі, пацвердзілі ў трох тэатрах.

Акрамя таго, у чацвер вечарам у тэлеграм-канале Беларускага фонду культурнай салідарнасці з'явілася інфармацыя пра магчымае прызначэнне на пасаду мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра акторкі Вольгі Няфёдавай.

У кастрычніку Няфёдава дала інтэрв'ю газеце "СБ. Беларусь сегодня", дзе раскрытыкавала калег, якія сышлі разам з Паўлам Латушкам. Казала, што калегі "зрабілі вялікую памылку". Прызналася, што "пяшчотна" ставіцца да былога мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Пінігіна, але пры гэтым, разважаючы пра прычыны яго ўчынку, заявіла: "Як чалавека я яго разумею, можа быць, стаміўся, можа быць, вычарпаў сябе".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.