Занкавец: Заява міністра пра вяртанне грошай – гэта нейкі жарт ці сарказм

На паседжанні 20 траўня міністр спорту Алег Качан выказаўся пра неабходнасць заключаць адмысловыя кантракты з трэнерамі і спартоўцамі.

Па словах міністра, калі абавязкі не выкананыя, то спартсмен павінен вярнуць грошы дзяржаве.

Не ўсе грошы, можа, працэнтаў дзевяноста, машыну прадай, кватэру…яшчэ што-небудзь”.

Еўрарадыё запыталася ў спартсменаў і трэнераў, ці гатовыя яны вяртаць грошы, якія выдзяляе краіна, у выпадку не зусім удалага выніку.

Цяжкаатлет Андрэй Арамнаў атрымоўвае прэзідэнцкую стыпендыю ў памеры 20 мільёнаў рублёў за месяц. Усе выдаткі ён аплачвае самастойна. Па словах цяжкаатлета, на якасную падрыхтоўку на працягу 4-5 месяцаў патрэбна 10 тысяч долараў.

“Я не разумею, што адбываецца. Я зараз трэніруюся дома, а мне нехта вітаміны хоць нейкія даў? У мяне часам не хапае на правільнае харчаванне, якое мне патрэбнае. Мяне падбіваюць на нейкія рэкорды, вынікі, а самі кажуць: “Калі ў цябе нешта не атрымаецца, то вернеш назад”.

Арамнаў кажа, пакуль нічога не зменіцца на яго карысць, ён будзе выступаць толькі на рэспубліканскім чэмпіянаце. А беларускія фанаты мусяць зразумець спартсмена.

“Усе праблемы ад таго, што спартсмены павінны на паветры рабіць вынікі. Але маю віну лягчэй за ўсё даказаць, што я не падрыхтаваўся”.

Алімпійская чэмпіёнка 2004 года па лёгкай атлетыцы Юля Несцярэнка атрымоўвае каля 1,5 мільёнаў рублёў. Пра гэта распавёў Еўрарадыё трэнер Юліі Дзмітрый Несцярэнка.

“У мінулым годзе заробак быў увогуле 250 тысяч рублёў – павялічылі пасля выступлення ў фінале чэмпіянату Еўропы. Ядзім, трэніруемся за гэты заробак. Зараз кошты такія вар’яцкія! А на нармальную падрыхтоўку Юлі патрэбна мільёнаў 5 у месяц”.

Як ваеннаслужачая, Юлія атрымоўвае яшчэ 1,5 мільёна рублёў.

Дзмітрый Несцярэнка не стаў казаць, ці згадзіўся б ён на кантракт, што прапанаваў міністр спорту.

“Сродкі ўклаў, з’ездзіў на збор, падрыхтаваўся, а потым атрымаў траўму. І табе трэба лячыцца і яшчэ грошы выплачваць. Калі мы выкарысталі грошы і выйгралі, што нам дадуць? А калі мы не выйгралі, то ў нас забяруць тое, што далі. Сэнс тады ўвогуле трэніравацца!”

Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы Анатоль Бадуеў кажа, што сродкаў, якія выдаткоўвае дзяржава, недастаткова. Але каманда ўсё роўна будзе імкнуцца выконваць планавае заданне ў 5-7 медалёў на чэмпіянаце.

“У лёгкай атлетыцы заваяванне аднаго медаля каштуе 3-7 мільёнаў еўра. Маецца на ўвазе не толькі спартовец, а і людзі, якія побач. Грошы ідуць на медыцыну і іншае. У нас бюджэт на ўсю каманду, а яшчэ і моладзевую, і юнацкую каля мільёна еўра ў год”.

А былы трэнер зборнай Беларусі па хакеі Эдуард Занкавец успрымае заяву міністра спорту з гумарам.

“Я не веру, што гэта магчыма, што гэта можа прынесці нейкую карысць. Мне здаецца, што гэта нейкі жарт ці сарказм”.

Па словах Занкаўца, за выступленне на чэмпіянаце свету хакеісты не атрымоўваюць грошай.

“Вяртанне таго, што было патрачана на арэнду лёду, трэнажорных залаў няма сэнсу абмяркоўваць. Зразумела, што без трэніровак немагчыма падрыхтавацца да спаборніцтваў. Сезон хакейнай зборнай патрабуе нямала сродкаў. Але рыхтуюцца ўсе зборныя, і ў іх выдаткі не меншыя. Калі мы не хочам несці выдаткі, то самы просты шлях – не ўдзельнічаць”.

Занкавец кажа, што добрая матэрыяльная база так і застанецца няправільна выкарыстанай, калі ёй займаюцца недасведчаныя ў трэнерскай справе людзі.

А наконт няўдзелу ў чэмпіянаце свету, спадзяемся, Занкавец таксама пажартаваў.

Фота: goals.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі