Вы тут

Замрэ свіст меча і настане светлы дзень: 140 гадоў з Дня нараджэння Янкі Купалы

Янка Купала / Нацыянальная бібліятэка Беларусі

140 гадоў таму, 7 ліпеня 1882 года, нарадзіўся народны паэт Беларусі Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч). Гэта адбылося ў вёсцы Вязынка пад Мінскам. 

У гэты дзень хочацца прыгадаць цытаты з публіцыстыкі паэта, трапныя і актуальныя і праз 100 гадоў.

— Трудны і цярністы шлях прыйшлося прайсці нам, беларусам, за гэты час змагання за лепшую долю, за лепшую славу для сваёй Бацькаўшчыны. Але мы змагаліся, змагаемся і будзем змагацца. І наша змаганне не асталося без следу. Мы самі сведкамі таго, што кінутыя мазалістай беларускай рукой здаровыя зерняты зарунеліся на нашых вачох буйнай квяцістай руняй, ад якой можна смела чакаць ураджайнага жніва. Ні адно на свеце адраджэнне народа, ні адна вялікая ідэя не пашыралася так шпарка, як ідэя нацыянальнага адраджэння беларускага народа. [...] Хай Вас, браты Беларусы, не палохае цяперашні бурны крывавы час. Агнём і жалезам куецца моц, гарт, доля і воля народная. Праміне віхор, патухнуць пажары, замрэ свіст меча і настане светлы, радасны дзень змучанага, аграбленага нашага народа (1920 год).

— Нашай Бацькаўшчыне вечна ні ў чым не шанцавала: вечна павінна была на сваіх плячах несці ярмо такой ці іншай нядолі. Палітычна і эканамічна пападала ў залежнасць чужынцаў; народ — гаспадар свайго краю — гнуўся пад непасільнай ношкай паншчыны, а цяпер служыць парабкам у сваей старонцы. Мала таго, нашаму народу зацямнілі вочы, атуманілі лганнём свядомасць, хто ён такі: ці чалавек-грамадзянін сваёй Бацькаўшчыны, ці робочая і дойная жывёла (1914 год).

— Сам народ можа падпасьць пад чужое сільнейшае ўладарства, і часам цэлыя вякі насіць на сабе путы няволі, але ніколі ў заваяваным, ці забраным народзе ня можна выдзерці яго душы і яго роднага слова. Гэта апошняе яму матка, кормлючы дзіцятка сваей грудзёй, перадае як найсьвяцейшы скарб, разам са сваім пракляцьцем таму дзіцяці, каторае вырасшы захацела б вырачыся роднага слова, бо гэтым самым выракалася б і роднай маткі. Што падумала б і перажыла хоць бы наша матка-беларуска, каб яе дзіцятка, па сваім паяўленьні на свет, адазвалося першым словам заместа "мама", "тата" — "мамаша", "папаша"? (1914) 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.